Украіна атрымала ад ЗША сістэмы VAMPIRE для барацьбы з расійскімі дронамі
Пентагон паведаміў, што згодна з кантрактам, заключаным яшчэ ў студзені, чатыры з 14 сістэм прыбылі ва Украіну летам і ўжо выкарыстоўваюцца. Астатнія павінны быць пастаўленыя да канца года.
Сістэма VAMPIRE — эфектыўны сродак барацьбы з беспілотнікамі. Фота: l3harris.com
Паводле даных Пентагона, на якія спасылаецца Bloomberg, украінскія войскі цяпер выкарыстоўваюць амерыканскую ракетную сістэму, вядомую як VAMPIRE, для знішчэння расійскіх беспілотнікаў.
VAMPIRE — партатыўная мнагамэтавая сістэма ўзбраення, распрацаваная амерыканскай кампаніяй аэракасмічных і абаронных тэхналогій L3Harris. Першы прататып сістэмы быў распрацаваны ў 2021 годзе. У 2022 годзе быў прэзентаваны ўдасканалены варыянт.
Сістэма дае сухапутным войскам хуткае, недарагое і эфектыўнае рашэнне для разгортвання ўзбраення, бо можа быць усталяваная на любую вайсковую або цывільную машыну, якая мае грузавую платформу, усяго за дзве гадзіны. Ёю можа кіраваць усяго адзін чалавек, а модульная і партатыўная канструкцыі дазваляюць аператару хутка хавацца, перамяшчацца і весці агонь.
Сістэма VAMPIRE спраектаваная як цалкам аўтаномная, якая можа ўключаць у сябе розныя датчыкі і пакеты ўзбраення ў залежнасці ад патрэб місіі.
VAMPIRE, якая пастаўляецца Украіне, абсталяваная сістэмай лазернага навядзення APKWS для некіравальных ракет Hydra 70, што дазволіць хутка адсочваць, пазначаць лазерам і паражаць наземныя і паветраныя цэлі, якія выходзяць за межы далёкасці дзеяння звычайнай зброі.
У спалучэнні з некантактным узрывальнікам VAMPIRE можа забяспечыць павышаную эфектыўнасць выбуху і лятальнасць. Некантактны ўзрывальнік дазваляе перахапляць беспілотнік з меншымі выдаткамі, чым іншыя метады, а дзякуючы лазернаму навядзенню ракеты, якое актывуецца пры запуску, не патрабуецца захопу цэлі перад запускам.
Як адзначае Bloomberg, у красавіку Пентагон заявіў, што заключыў кантракт на пастаўку Украіне 10 мабільных сістэм VAMPIRE з лазерным навядзеннем, але не агучыў дадатковай інфармацыі наконт іх.
У адрозненне ад асноўнай вайсковай дапамогі ЗША Украіне, якая паступае з існых запасаў, кантракт на сістэмы VAMPIRE коштам 40 мільёнаў даляраў непасрэдна закранае абаронную прамысловасць у рамках праграмы «Ініцыятыва садзейнічання бяспецы Украіны».
Чытайце яшчэ:
ЗША закупяць для Украіны ракеты AMRAAM. Што пра іх вядома
Апублікавана ВІДЭА запуску новай украінскай ракеты
Украіна атрымае першыя дзесяць танкаў Abrams ужо ў гэтым месяцы