БЕЛ Ł РУС

Будаўніку не заплацілі за працу, тады ён спаліў дом, што пабудаваў. Мужчыну шукалі 8 год

12.10.2023 / 16:33

Nashaniva.com

43-гадовага жыхара Брэсцкага раёна абвінавацілі ў наўмысным знішчэнні чужой маёмасці, «здзейсненым агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры».

Як піша Генпракуратура, абвінавачаны ў 2015 годзе ў адпаведнасці з дамовай узвёў жылы дом і гаспадарчую пабудову. Завяршыўшы работы па будаўніцтве, ён папрасіў разлічыцца.

«Атрыманы ад пацярпелага адказ яго не задаволіў — ён паведаміў пацярпеламу, што «прасцей будзе дом спаліць», — піша пракуратура.

На наступны дзень мужчына і спаліў дом і гаспадарчую пабудову.

Пасля гэтага мужчына ўцёк, яго шукалі восем гадоў.

Яму прысудзілі пазбаўленне волі на 3 гады 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На карысць пацярпелага з абвінавачанага спагнана сума ў памеры 17 тысяч рублёў.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула