Дзяўчына пагадзілася выручыць сяброўку-настаўніцу і цяпер вінная банку 3100 рублёў
Ганна сёлета выплаціла больш за 3100 рублёў па крэдыце, які ўзяла па просьбе сяброўкі з універсітэта. Летась аднакурсніца патэлефанавала і папрасіла выручыць, Ганна пагадзілася. Сумную, але павучальную гісторыю расказаў Onliner.by.
Фота: Andrey Rudakov / Bloomberg / Getty Images
— Яна працуе настаўніцай. Патэлефанавала мне і паскардзілася, што сабрала з бацькоў 1000 рублёў, купіла на іх дапаможнікі для дзяцей, а бацькі ўзбунтаваліся і запатрабавалі ўсю суму назад. Сяброўка сказала, што патрэбныя грошы, што яна ўжо патэлефанавала ўсім сябрам, сваякам, але ніхто дапамагчы не можа. На той момант мы ўжо некалькі гадоў блізка кантактавалі. Вядома, я вырашыла падтрымаць чалавека.
Сяброўка ўжо знайшла арганізацыю, дзе на мяне гатовыя былі аформіць мікрапазыку, мне трэба было толькі пад'ехаць у пэўнае месца з пашпартам. Мы жылі ў розных гарадах, і я паехала ратаваць яе.
Дзяўчаты сустрэліся і разам паехалі браць мікрапазыку ў нейкай незразумелай арганізацыі. Схема пазыкі выглядала дзіўна: дзяўчына павінна была ўзяць у крэдыт тэлефон за 2300 рублёў, аддаць яго пэўнаму чалавеку, а той адразу ж уручыў бы ёй 1200 рублёў наяўнымі. Дамовіліся, што пагашаць усе плацяжы будзе сяброўка.
— Кожны месяц яна пісала мне, што заплаціла, і прымацоўвала фота чэка, таму я была спакойная. Аднак праз некалькі тыдняў мне прыйшоў ліст ад банка з патрабаваннем пагасіць усю суму доўгу, бо па крэдыце ніхто не плаціць.
Для мяне гэта было незразумела: як гэта ніхто не плаціць, калі я бачыла чэкі? Патэлефанавала сяброўцы. Яна сказала: запазычанасць узнікла з-за таго, што грошы пералічваліся з карты іншага банка. Плацеж «затрымаўся», але хутка ўсё будзе добра.
Неяк у дзень авансу Ганна зайшла ў краму па прадукты, на касе захацела аплаціць тавары сваёй картай, але плацеж не прайшоў: недастаткова сродкаў. Дзяўчына зайшла ў інтэрнэт-банкінг і ўбачыла, што баланс на яе картах — мінус 3100 рублёў.
— Я была ў шоку. Патэлефанавала ў банк. Там мне парэкамендавалі звярнуцца ў аддзел прымусовага выканання. На той момант я ўсё яшчэ верыла, што сяброўка выконвае сваё абяцанне.
Пазней у аддзеле прымусовага выканання ўдалося дамовіцца, каб з Ганны знялі не ўсю суму адразу, а часткамі, забіраючы палову заробку на працягу паўгода. Сёння доўг пагашаны.
— Аказалася, што ніякіх дапаможнікаў сяброўка не купляла, хоць і праўда сабрала з бацькоў грошы.
Калі падумаць, то бацькі ж адэкватныя, не стануць патрабаваць грошы за набытыя дапаможнікі. Я даведалася, што ні ў якіх сяброў-сваякоў дапамогі яна не прасіла, толькі ў мяне. Распіску мы не складалі, таму звяртацца ў суд сэнсу няма. Я казала ёй: «Праз цябе ў мяне праблемы, плаці хоць колькі». Яна адказвала: «Так-так, абавязкова», — і нічога не выплачвала.
— Чаму вы вырашылі дзеля іншага чалавека пайсці на такія ахвяры: паехалі ў іншы горад, узялі крэдыт па незразумелай схеме?
— Мы блізка кантактавалі некалькі гадоў, цягам усяго гэтага часу яна мяне падтрымлівала. Я чалавек эмацыйны, а яна заўсёды мяне выслухоўвала. Калі яна патэлефанавала мне і папрасіла грошай, я адразу стала думаць, як жа мне ёй дапамагчы. У выніку яна не сказала мне нават «дзякуй» і заблакавала мяне.