На гродзенскім аўтавакзале зніклі галасавыя абвесткі па-беларуску
На знікненне беларускамоўных аб’яў на аўтавакзале звярнулі ў сацсетках увагу мясцовыя жыхары.
Як піша «Радыё Рацыя», аднаму з гарадзенцаў у адміністрацыі аўтавакзала патлумачылі, што раней такія аб’явы рабіў чалавек, а цяпер прыйшла камп’ютарная праграма з Мінска. Да таго ж у краіне дзве дзяржаўныя мовы.
Пытанні, чаму знікла менавіта беларуская мова і ці не збіраюцца транспартнікі ўжо цалкам увайсці ў Расію, «выклікалі невялікі скандал».
Абураны жыхар Гародні напісаў скаргу, але мяркуе, што эфекту не будзе.
Таксама днямі стала вядома, што ў маладзечанскіх электрычках зніклі беларускамоўныя абвесткі — з прыёмнікаў у вагонах гучыць толькі руская мова.