WSJ: Украіна не зможа правесці новы наступ да 2025 года
Кіеў пераходзіць да стратэгічнай абароны пасля таго, як не змог дамагчыся вызвалення вялікіх тэрыторый падчас летняга контрнаступу.
Лінія фронту пад Аўдзееўкай. Фота: Libkos / AP
Украіна, магчыма, не зможа правесці новы буйны наступ да 2025 года, гаворыцца ў матэрыяле газеты The Wall Street Journal, яго сутнасць пераказвае Бі-бі-сі.
Украіна пераходзіць да стратэгічнай абароны пасля таго, як не змагла дамагчыся вызвалення вялікіх тэрыторый падчас летняга наступу 2023 года, піша выданне.
Пры гэтым эканамічная і ваенная падтрымка з боку ЗША і Еўропы аказалася пад пытаннем, а ў самой Украіне ўзніклі палітычныя рознагалоссі.
«Здольнасць Украіны вярнуць сабе больш значную частку сваёй тэрыторыі цяпер знаходзіцца пад пытаннем, у той час як перавод Пуціным эканомікі на ваенныя рэйкі ўмацаваў яго пазіцыі на вайне, а ў апошні час і ў дыпламатычнай сферы», — гаворыцца ў артыкуле.
Украіна моцна знясіленая вайной, і ёй патрэбны час для аднаўлення.
Артыкул быў напісаны ва ўкраінскім горадзе Ліман, і ў яго рэпартажнай частцы гаворыцца аб тым, што на гэтым участку фронту і ўкраінскія, і расійскія войскі рыхтуюцца да працяглай абароны, робячы доўгія і глыбокія акопы і ўзводзячы іншыя фартыфікацыйныя збудаванні.
Аднак такая пазіцыйная вайна не азначае, што бакі не будуць праводзіць манеўраныя аперацыі, акрамя таго, застаецца марскі тэатр ваенных дзеянняў, зазначаюць аўтары артыкула.
У любым выпадку зараз канчаткова стала зразумела, што вайна будзе доўгай.