БЕЛ Ł РУС

Другі штат ЗША забараніў Трампу балатавацца

29.12.2023 / 7:57

Nashaniva.com

Экс-прэзідэнт можа аспрэчыць гэта рашэнне ў судзе.

Дональд Трамп. Фота: Sue Ogrocki / AP

Штат Мэн стаў другім пасля Каларада штатам ЗША, у якім імя Дональда Трампа афіцыйна забаронена ўключаць у бюлетэні на прэзідэнцкіх выбарах. Праўда, у абодвух выпадках гэтая забарона, хутчэй за ўсё, будзе аспрэчана ў судах, піша Бі-бі-сі.

Дзяржаўны сакратар штата Мэн Шэна Бэлоўз, як і Вярхоўны суд Каларада, абгрунтавала сваю пастанову ў дачыненні да Трампа 14-й папраўкай да Канстытуцыі, якая забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу.

Яна, сябра Дэмакратычнай партыі, лічыць, як і многія апаненты Трампа, што ён дамагаўся адмены вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і падбухторваў сваіх прыхільнікаў да штурму Капітолія ў студзені 2021 года.

Праціўнікі Трампа распачалі спробы забараніць яму балатавацца на падставе 14-й папраўкі ў некалькіх штатах.

Суды ў Мічыгане і Мінесоце адхілілі іх пазовы. Вярхоўны суд Каларада прыняў станоўчае рашэнне галасамі чатырох суддзяў супраць трох.

Ва ўсіх гэтых выпадках рашэнні будуць аспрэчаныя ў Вярхоўным судзе ЗША. Пры гэтым амерыканскія юрысты адзначаюць, што прадстаўнікам Каларада будзе нялёгка адстаяць рашэнне свайго суда, паколькі ў Вярхоўным судзе ЗША перавага ў суддзяў кансерватыўных поглядаў.

Калі забарона ў якім-небудзь штаце або штатах застанецца ў сіле, то Трамп аўтаматычна пазбавіцца галасоў выбаршчыкаў ад гэтага штата або штатаў.

На выбарах прэзідэнта ЗША галасы ўсіх выбаршчыкаў штата адыходзяць таму кандыдату, які набраў у гэтым штаце большасць, незалежна ад таго, колькі атрымалі канкурэнты.

Усяго выбаршчыкаў 538, у штата Каларада — 10 з іх, у штата Мэн — чатыры.

14-я папраўка да Канстытуцыі ЗША была прынятая ў XIX стагоддзі, пасля Грамадзянскай вайны, з тым, каб не дапусціць вяртання ва ўладу дзеячаў Канфедэрацыі паўднёвых штатаў, якія жадалі аддзялення ад Поўначы.

Чытайце таксама:

Суд у Каларада забараніў Трампу ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

Пры Трампе з Белага дома знікла тэчка з разведданымі пра Расію

Суд адмовіў Трампу ў спыненні крымінальнай справы аб умяшанні ў выбары

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула