«Гугл» нарабіў панікі ў Польшчы, памылкова абвесціўшы навагоднюю дэвальвацыю злотага на 33%
Краіну супакойваў нават міністр фінансаў.
Увечары 1 студзеня пошукавая сістэма Google паведаміла інтэрнэт-карыстальнікам, што курс еўра ў Польшчы падскочыў на 33% і цяпер складае не 4,32 злотага, а 5,73 злотага. Прапарцыйна нібыта падаражэў і даляр, і іншыя валюты.
Прычын навагодняй дэвальвацыі ніхто патлумачыць не мог. Зрэшты, і ніякіх перадумоваў абвалу таксама не было. Адной з версіяй называліся рэзкія змены на рынку золата.
Краіну стаў супакойваць міністр фінансаў Польшчы Анджэй Даманьскі. «Спакойна. Курс золата, які сее паніку, — гэта фэйк. Рынкі ў Азіі хутка адкрыюцца, і сітуацыя вернецца ў нармальнае рэчышча», — напісаў ён у твітары.
Як высветлілі польскія інтэрнэт-карыстальнікі, найхутчэй валютныя хваляванні былі выкліканыя памылкай Google. 1 студзеня Нацыянальны банк Польшчы не выдаў пошукавай сістэме актуальную інфармацыю аб валютных курсах, і гэта прывяло да стварэння фантазійнага курса. Насамрэч курс злотага не змяняўся.
Чытайце таксама:
У Аргенціне выпусцілі купюры, якія ў 25 разоў перавышаюць намінал ранейшай самай вялікай
Беларус 12 гадоў захоўвае зберажэнні ў золаце. Колькі ён зарабіў?