У Баранавічах сусед вынес пенсіянерку з агню
Учора, 3 студзеня, у 22:30 суседзі паведамілі МНС аб пажары ў доме па 5-м завулку Прыгарадным у Баранавічах. Унутры аднапавярховага дома было моцнае задымленне. Яшчэ да прыбыцця МНС гаспадыню дома, 88-гадовую пенсіянерку, выратаваў сусед Аляксандр Вансовіч, паведамляе БЕЛТА.
Мужчына быў дома, калі жонка прыбегла са двара і расказала, што з суседняга дома ідзе дым. Аляксандр Вансовіч патэлефанаваў у службу МНС і кінуўся на дапамогу, ведаючы, што ў доме знаходзіцца пенсіянерка.
Ён знайшоў у пакоі жанчыну і вынес яе. Выратаваная гаспадыня дома пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ад шпіталізацыі адмовілася. Агонь пашкодзіў дах, перакрыцце і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца.
Чытайце таксама:
Кот выратаваў гаспадара на пажары ў Слоніме