Пакістан нанёс удары ў адказ па тэрыторыі Ірана
Ісламабад назваў мэтай пазіцыі «тэрарыстаў пакістанскага паходжання», якія хаваюцца на тэрыторыі Ірана. Атака адбылася праз два дні пасля ўдару Ірана па Пакістане.
Пакістан нанёс серыю ўдараў па «сховішчах» тэрарыстаў у правінцыі Сістан і Белуджыстан на паўднёвым усходзе Ірана. МЗС Ірана заявіла, што ў выніку ваеннай аперацыі былі забітыя некалькі баевікоў, піша РБК.
Па даных агенцтва Anadolu, пакістанская армія атакавала сем аб'ектаў ваенізаванай арганізацыі «Вызваленчая армія Белуджыстана», якая прызнана тэрарыстычнай у Пакістане і яшчэ шэрагу краін.
Выбухі прагрымелі каля горада Сераван на паўднёвым усходзе іранскай правінцыі, паведаміў агенцтву Mehr намеснік губернатара Алірэз Мархамаці. Паводле яго слоў, загінулі сем чалавек — тры жанчыны і чацвёра дзяцей, усе яны не іранцы. Сістан і Белуджыстан — другая па велічыні правінцыя Ірана, яна мяжуе з Пакістанам і Афганістанам.
У пакістанскім МЗС заявілі, што Ісламабад ударыў па пазіцыях «тэрарыстаў пакістанскага паходжання», якія называюць сябе Сармачары (sarmachars, яшчэ адна назва «вызваленчай арміі Белуджыстана»).
Па сцвярджэнні ведамства, Пакістан неаднаразова выказваў Ірану заклапочанасць з-за баевікоў, якія хаваюцца на тэрыторыі суседняй краіны і «беспакарана праліваюць кроў нявінных пакістанцаў», але Тэгеран не распачаў дастатковых дзеянняў.
У ведамстве заявілі, што адзінай мэтай сённяшняй атакі стала забеспячэнне бяспекі і нацыянальных інтарэсаў Пакістана і Ісламабад «паважае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Ісламскай Рэспублікі Іран».
***
16 студзеня Іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі нанёс удар па Пакістане; як паведамляла агенцтва Tasnim, мэтай сталі штабы тэрарыстычнай групоўкі «Джэйш аль-Адль». Па дадзеных пакістанскага МЗС, загінулі двое дзяцей, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненні.
МЗС Пакістана выказаў пратэст Ірану, назваў дзеянні Тэгерана парушэннем суверэнітэту і папярэдзіў аб сур'ёзных наступствах. Пакістанскага пасла адклікалі з Ірана.