БЕЛ Ł РУС

З кафедральнага сабора ў Тбілісі прыбралі ікону з выявай Сталіна

18.01.2024 / 10:37

Nashaniva.com

Сітуацыя вакол іконы ў пачатку студзеня выклікала вялікія спрэчкі.

Фота: Paper Kartuli

З сабора Самеба прыбралі вялікую ікону Матроны, на кляйме якой быў намаляваны сюжэт з Іосіфам Сталіным. На яе месцы з'явілася іншая — таксама прысвечаная Матроне Маскоўскай, паведамляе Paper Kartuli.

Архімандрыт Іаан Мчэдлішвілі паведаміў, што абраз Святой Матроны перанеслі на ахоўную тэрыторыю Самебы, каб зрабіць змены ў канон.

9 студзеня ікону з выявай Сталіна аблілі фарбай. У гэтым абвінавацілі мясцовую актывістку Нату Перадзэ. На наступны дзень каля яе дома сабраліся дзясяткі прыхільнікаў ультраправага руху Alt-Info, патрабуючы пакарання для актывісткі. У сітуацыю ўмяшалася паліцыя.

Раней Грузінская патрыярхія адзначыла, што «адзін з эпізодаў» на іконе выклікаў «супярэчлівыя размовы», а сама ікона стала «аб'ектам неапраўданых нападак».

Пры гэтым у патрыярхіі падкрэслілі, што на іконе можа быць намаляваны не толькі святы, але і любы звязаны з яго жыццём чалавек, у тым ліку кіраўнікоў. Аднак гэта не азначае, што ікона «ўслаўляе гэтых асоб або прыпісвае ім якую-небудзь годнасць».

«Бо сустрэча Сталіна са святой Матронай з-за недастатковасці доказаў не ўключана ў кананічны тэкст яе жыцця, не прызнана РПЦ, якая кананізавала яе і правяла даследаванне па гэтым пытанні, неабходна змяніць згаданы эпізод і прыняць да ўвагі іншыя падрабязнасці, звязаныя з кананічнасцю іканапісу», — заключае патрыярхія.

У заяве было сказана, што перапісаць ікону павінны тыя, хто ахвяраваў яе сабору, інакш гэта зробіць царква. Раней стала вядома, што ікону храму падарыла партыя «Альянс патрыётаў Грузіі». У партыі ўжо прынялі прапанову патрыярхіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула