БЕЛ Ł РУС

У Расіі пачалі адключаць сувязь 4G па патрабаванні сілавікоў

29.01.2024 / 10:17

Nashaniva.com

Наладжваюць антыдронавыя сістэмы.

У трох рэгіёнах Расіі — Ленінградскай, Наўгародскай і Пскоўскай абласцях — да 30 студзеня па начах будуць адключаць сувязь 4G, каб сілавікі маглі наладзіць антыдронавыя сістэмы, піша The Moscow Times са спасылкай на Коммерсант.

«Ёсць даручэнне Мінлічбы. Аператарскае абсталяванне працуе карэктна, на нашым баку няма неабходнасці ў адключэннях», — адзначыў адзін з суразмоўцаў.

Першапачаткова меркавалася, што сувязь стандарту LTE у рэгіёнах будзе адключаная не толькі ў начны, але і ў дзённы час, дадала іншая крыніца.

«Адключэнне ноччу — кампраміс, тым не менш мы ўсё роўна атрымліваем скаргі як ад фізічных, так і ад юрыдычных абанентаў», — кажа суразмоўца ў адным з аператараў.

Яшчэ адна крыніца «Коммерсанта» ў галіне выказала меркаванне, што ўзмацненне бяспекі на Паўночным захадзе Расіі спатрэбілася ў сувязі з паездкамі Пуціна: 26 студзеня ён прыбыў у Санкт-Пецярбург напярэдадні гадавіны зняцця блакады Ленінграда.

Адключэнне паслуг LTE можа перарываць працу выдзеленых карпаратыўных сетак і дадаткаў тэлематыкі, якія патрабуюць шырокапалоснага падлучэння, кажа аналітык тэлеграм-канала abloud62 Аляксей Бойка.

«Напрыклад, могуць не працаваць сістэмы відэаназірання і відэааналітыкі, камеры ў якіх падключаны бесправадным спосабам», — растлумачыў эксперт.

Таксама можа ўскладніцца праца плацежных сэрвісаў: ёсць рызыкі праблем з безнаяўнай аплатай праз тэрміналы або пры зняцці грошай праз банкаматы, якія не маюць праваднога або Wi-Fi-злучэння.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула