БЕЛ Ł РУС

На Тайвані адбыўся самы магутны за 25 гадоў землятрус

3.04.2024 / 7:17

Nashaniva.com

Землятрус выклікаў у глыбіні вострава велізарныя апоўзні.

Ля ўсходняга ўзбярэжжа Тайваня адбыўся землятрус магнітудай 7,4. На востраве і ў суседніх краінах выпусцілі папярэджанне наконт цунамі, піша Бі-бі-сі.

Фота: Сіньхуа

Эпіцэнтр, па звестках Геалагічнай службы ЗША, знаходзіўся за 18 км на поўдзень ад горада Хуалянь. Са слоў сейсмолагаў, гэта самы магутны землятрус на Тайвані за 25 гадоў.

У Японіі і на Філіпінах неўзабаве пасля землятрусу было абвешчана папярэджанне аб цунамі. Японскае метэаралагічнае агенцтва пазней знізіла ўзровень папярэджання, аднак усё ж паказала, што афтэршокі такой магутнасці могуць працягвацца яшчэ да тыдня і насельніцтву варта захоўваць пільнасць.

Кітайскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што падземныя штуршкі таксама адчуваліся ў мацерыковай правінцыі Фуцзянь на паўднёвым усходзе краіны.

Фота: Сіньхуа

«Землятрус пачаўся блізка да сушы, на малой глыбіні. Ён адчуваўся на ўсім Тайвані і суседніх астравах. Ён самы моцны за 25 гадоў», — заявіў кіраўнік Тайбэйскага цэнтра сейсмалогіі.

Буйны тайваньскі вытворца паўправаднікоў TSMC паведаміў, што эвакуяваў супрацоўнікаў з некалькіх сваіх фабрык у Сіньчжу і на поўдні вострава, аднак сістэмы бяспекі працуюць нармальна. TSMC вырабляе чыпы для такіх кампаній, як Apple і Nvidia.

У глыбіні вострава рэльеф вельмі гарысты. Мяркуючы па кадрах у сацсетках, землятрус выклікаў там велізарныя апоўзні. Аднак маштаб наступстваў пакуль невядомы.

Фота: Сіньхуа

Тайваньскія СМІ паказваюць будынкі, якія абрынуліся, і эвакуацыю людзей са школ і жылых дамоў.

Паводле апошніх звестак, чатыры чалавекі загінулі і 97 пацярпелі, пішуць мясцовыя СМІ.

Чытайце таксама:

У Алматы адбыўся моцны землятрус

Кітай пабудаваў дзеля чагосьці ў пустыні копію ўрадавага раёна сталіцы Тайваня

Тайвань павялічыў штрафы за незаконны экспарт у Беларусь больш чым у 15 разоў

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула