Беларускі дальнабойнік трапіў у смяротнае ДТЗ у Польшчы
26-гадовы дальнабойнік з Беларусі трапіў у Польшчы ў ДТЗ са смяротным зыходам. У ягоную фуру ўрэзаўся легкавы аўтамабіль Volkswagen, які здзяйсняў небяспечны манеўр. Кіроўца Volkswagen загінуў, паведамляе Most.
Аварыя адбылася раніцай 9 мая ў Касцянскім павеце Вялікапольскага ваяводства.
Як паведамляюць польскія медыя, на рамантаваным участку дарогі рух быў папераменным. Машыны, якія ехалі з боку горада Глухава, чакалі магчымасці ўезду на гэты ўчастак. Але адзін з кіроўцаў, 28-гадовы жыхар мястэчка Чэмпінь, вырашыў аб'ехаць іх. Ён выехаў на адкрыты ўчастак руху і там сутыкнуўся з грузавіком DAF з паўпрычэпам, якім кіраваў беларус.
Кіроўца легкавога аўтамабіля атрымаў цяжкія траўмы. Нягледзячы на спробы рэанімаваць мужчыну, ён памёр. Беларус не пацярпеў.
Абставіны здарэння высвятляе мясцовая паліцыя пад наглядам пракуратуры.