БЕЛ Ł РУС

У Расіі абвяргаюць жаданне змяніць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

22.05.2024 / 11:54

Nashaniva.com

У Расіі не было і няма намераў па пераглядзе на Балтыцы лініі дзяржмяжы, пішуць ТАСС і «РИА Новости» са спасылкай на неназваную вайскова-дыпламатычную крыніцу.

Фота: vecteezy.com

«Ніякіх намераў па пераглядзе на Балтыцы шырыні тэрытарыяльных вод, эканамічнай зоны, кантынентальнага шэльфа ля мацерыковага ўзбярэжжа і лініі дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі не было і няма»,— сказала ананімная крыніца журналістам.

Учора стала вядома, што Расія апублікавала праект па змяненні мяжы з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры ў аднабаковым парадку.

З праекта вынікае, што Расія збіраецца абвясціць сваімі ўнутранымі марскімі водамі частку акваторыі на ўсходзе Фінскага заліва, а таксама побач з гарадамі Балтыйск і Зеленаградск у Калінінградскай вобласці. Плануецца змяніць геаграфічныя каардынаты пунктаў, якія вызначаюць становішча зыходных ліній, ад якіх адмераецца шырыня тэрытарыяльнага мора Расіі, прылеглай зоны ўзбярэжжа і выспаў.

Аўтары законапраекта заявілі, што цяперашнія каардынаты ўстаноўленыя пастановай Саўміна СССР ад 1985 года і «не ў поўнай меры адпавядаюць сучаснай геаграфічнай абстаноўцы», бо былі зафіксаваныя «па марскіх навігацыйных картах дробнага маштабу», заснаваных «на працах сярэдзіны XX стагоддзя».

МЗС Літвы назвала ініцыятыву Расіі наконт змены марской мяжы ў Балтыйскім моры правакацыяй. 

Чытайце таксама:

Літва збіраецца не толькі цалкам забяспечыць сябе электрычнасцю, але і стаць буйным экспарцёрам электраэнергіі

Забаранілі ўвозіць у Беларусь шмат тавараў з Польшчы, Чэхіі і краін Балтыі

Лукашэнка і прапаганда хваляцца тым, як за 30 гадоў палепшала жыццё ў Беларусі. Але ці сапраўды ёсць чым ганарыцца?

Каментары да артыкула