БЕЛ Ł РУС

Улады прадалі хату палітэмігранткі Алены Янушкоўскай

3.06.2024 / 09:18

Nashaniva.com

Хата актывісткі Алены Янушкоўскай з Віцебскага раёна прададзена 30 траўня на аўкцыёне за 18500 рублёў. Стартавая цана была 10700. Алена лічыць, што цана ўсё роўна ніжэйшая за рынкавую, піша «Радыё Рацыя». Сума ж запазычанасці Алены Янушкоўскай складала 1436 рублёў.

— Ездзілі вельмі шмат людзей і глядзелі маю хату. Пра гэта мне паведамілі суседзі, а задарма — чаму не ўзяць? Рэальная цана гэтай хаты нашмат болей. Я разумею так, што гэта прыбліжаныя тых чыноўнікаў. Хата амаль у трох кіламетрах ад горада, маршрутка і аўтобусы ходзяць да горада, пешшу дайсці да горада — гэта 20 хвілін. Там зямлі 54 соткі, там сажалка ёсць, — кажа Алена.

Сума запазычанасці Алены Янушкоўскай складае 1436 рублёў 60 капеек, з іх 856 рублёў — гэта нясплочаныя штрафы. Астатняе — падаткі, якія жанчына не мела магчымасці заплаціць з‑за мяжы. 

Ці можна будзе нейкім чынам атрымаць астатнія грошы за сваю маёмасць, Янушкоўская не ведае. І не выключае, што гэтыя грошы выкарыстаюць як «прынаду», каб заахвоціць яе вярнуцца з‑за мяжы.

У Беларусі і перадусім на Віцебшчыне жанчыну ведаюць як стваральніцу шэрагу груп у сацыяльных сетках і відэаканала «Настоящая Беларусь», дзе блогерка яшчэ з 2018 года распавядала пра нялёгкае жыццё вяскоўцаў. У лістападзе 2021 года Міністэрства інфармацыі ўключыла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў некалькі відэаролікаў, размешчаных на гэтым YouTube-канале, у снежні 2022-га ў гэты спіс унеслі групу «Настоящая Беларусь» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у красавіку 2023-га — групу з такой самай назвай у «Одноклассниках», у лютым 2024 года — групу «Настоящая Беларусь» у Facebook.

Алена Янушкоўская пакінула Беларусь у лютым 2021 года. Прычынай стаў ціск за блогерскую дзейнасць: з 2020 года блогерку неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі за яе стрымы з важных грамадска-палітычных падзей у Віцебску і ў Мінску. Арышты даводзілася адбываць, нягледзячы на істотныя праблемы са здароўем: жанчына пакутуе на астму, мае інваліднасць. Ціснулі на блогерку і праз рэпрэсіі ў дачыненні да яе блізкіх: дачку Юлію неаднаразова штрафавалі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных акцыях, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе дзвюх непаўналетніх дачок. Цяпер Юлія Уласенка разам з дзецьмі таксама знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Чытайце таксама:

Якую маёмасць нажылі экс-банкірка Ермакова і дзве яе дачкі

«Сілавікі і тыя адзін аднаго цураюцца». Экс-палітвязень расказаў, як пасля вызвалення жыве ў Беларусі

Кватэру айцішніка арыштавалі пасля акцый за мяжой. У ёй жыве яго мама

Каментары да артыкула