БЕЛ Ł РУС

«Стаць свабоднымі ад пракрамлёўскага ярма». Ціханоўская дала інтэрв'ю армянскаму выданню і расказала, калі наведае Арменію

21.06.2024 / 22:17

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская дала відэаінтэрв'ю армянскаму парталу 1in.am. У ім яна сказала, што разлічвае на спыненне супрацоўніцтва Ерэвана з рэжымам Лукашэнкі, а таксама гатовая наведаць Арменію, «калі будзе гатоўнасць з боку армянскага кіраўніцтва», піша «Позірк».

 

«Я з задавальненнем наведаю Арменію, калі будзе гатоўнасць з боку армянскага кіраўніцтва, — адзначыла Ціханоўская. — Я падтрымліваю армянскі народ у вашым імкненні да еўрапейскай будучыні і свабоды. Думаю, што як сустрэчы, так і магчымыя візіты толькі ўмацуюць нашы адносіны».

Акрамя гэтага, на думку Ціханоўскай, варта развіваць адносіны «паміж беларускай і армянскай грамадзянскай супольнасцю», паколькі шмат беларусаў выехала ў Арменію як у краіну, якая не патрабуе візы.

«Спадзяюся, што Арменія дазволіць ім бяспечна заставацца на сваёй тэрыторыі», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе меркавання, цяпер усім стала відавочна, што Лукашэнка «не можа быць партнёрам і дакладна не з'яўляецца саюзнікам Арменіі». У той жа час як беларускі, так і армянскі народы заслугоўваюць еўрапейскай дэмакратычнай будучыні.

«За сваю свабоду нашы народы заплацілі і працягваюць плаціць вялікую цану… Але цяпер, напэўна, не час мераць, каму больш балюча, каму складаней, а проста пры магчымасці аб'ядноўвацца, больш пазнаваць адзін аднаго.

Трэба зрабіць усё магчымае, каб у нас была магчымасць спакойна сябраваць на ўзроўні нацый і на ўзроўні палітычным», — падсумавала дэмакратычная лідарка, адзначыўшы, што абедзве краіны павінны «стаць свабоднымі ад пракрамлёўскага ярма».

Чытайце таксама:

Яшчэ аднаму беларусу, затрыманаму ў Арменіі, далі там палітычны прытулак

Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Арменіі

«Вайна паказала, што на баку Захаду стаіць меншасць. А Арменію Расія так проста не пакіне»

Чаму Пашынян стаў рэзка крытыкаваць Лукашэнку?

Каментары да артыкула