БЕЛ Ł РУС

Расказваем, хто тая 50-гадовая мінчанка Аксана, якую затрымлівалі па вяртанні з Польшчы

26.07.2024 / 7:0

Nashaniva.com

Губазікаўцы называюць яе адміністратаркай чата беларусаў Каліша, але гэтаму няма пацверджанняў.

Аксана Нахайка. Фота з яе старонкі Укантакце

Дзякуючы праекту DIT мы высветлілі, што затрыманую завуць Аксана Нахайка. Ёй 50 гадоў, яна родам з Мінска. Нахайка доўга працавала бібліятэкарам у Нацыянальнай бібліятэцы, пасля ў страхавых кампаніях і турфірмах.

Невядома, калі яна пераехала ў Польшчу, але ў чат «Беларусы Каліша» ўступіла ў снежні 2023-га. Вядома, што ў польскім горадзе Каліш яна працавала ў невялікай краме.

Аксана вельмі актыўная: удзельнічае ў квізах і мерапрыемствах, любіць доўгія вандроўкі і веламарафоны. Тое самае яна пісала і ў чаце — распавядала пра тое, куды можна схадзіць у горадзе і спрабавала дапамагчы беларусам у іх патрэбах.

Аксана Нахайка падчас веламарафона. Фота з яе старонкі Укантакце

Адзначым, што ў чаце не абмяркоўваюцца палітычныя навіны і гэта адзначана ў правілах. Уся «палітыка» адтуль выдалялася. Але гэта не абараніла Аксану ад затрымання.

У відэа ГУБАЗіК Нахайка кажа, што была адміністратарам чата «Беларусы Каліша». Мы не ведаем, ці гэта праўда, губазікаўцы не публікуюць аніякіх доказаў. У той жа час Нахайка ў чаце пісала ад сябе, а адміністратар пісаў ад акаўнта чата. Пры гэтым у тэлеграме можна назначыць чалавека «адміністратарам» дзеля таго, каб дадаць яму подпіс у самім чаце і не даваць адміністратарскіх правоў.

У самім чаце ў найлепшыя часы было 60 чалавек, але, зразумела, цяпер частка людзей выйшла адтуль.

Мы высветлілі, што яна ўжо на волі па-за межамі Беларусі.

Чытайце таксама:

Затрымалі адміністратара чата беларусаў Шры-Ланкі. За чат на 90 чалавек яму пагражаюць крыміналкай

Прадпрымальніка, якога затрымалі па вяртанні з-за мяжы, асудзілі да дзевяці гадоў калоніі за данаты

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Брэсцкая айцішніца вярталася з Польшчы з даведкай ад КДБ аб сплаце кампенсацыі за данаты. Шэсць гадоў калоніі

Каментары да артыкула