БЕЛ Ł РУС

Украінскага пасла спыталі пра палонных каліноўцаў

4.08.2024 / 13:55

Nashaniva.com

Ігар Кізім патлумачыў, чаму іх пакуль не змаглі вызваліць.

Ігар Кізім. Фота: «Наша Ніва»

На канферэнцыі «Новая Беларусь» у пасла Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігара Кізіма спыталі пра лёс беларускіх ваяроў у палоне — каліноўцаў Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева.

Кізім адразу заўважыў, што гэта настолькі чуллівае пытанне, што ніхто не наважыцца публічна гаварыць пра яго на канферэнцыях. Дыпламат дадаў, што вызваленне беларускіх ваеннапалонных абмяркоўваецца ў розных фарматах.

«Адзінага фармату вырашэння такіх пытанняў няма, кожны з іх індывідуальны. Як мы казалі ўчора, некаторыя абмены адбываюцца на такім узроўні спецслужбаў, што нават найбліжэйшыя партнёры не ведаюць, што адбываецца».

Ён звярнуў увагу на важны момант пра ваеннапалонных: расейцаў ёсць на каго мяняць, а беларусаў — не.

«Лукашэнка не звяртаецца па абмен, звяртаецца Пуцін. Як гэта праходзіць і дзе — пра гэта вам ніхто не скажа. Але я скажу так: гэтае пытанне ў кантэксце агульнага абмену ёсць», — дадаў ён.

Кізім яшчэ раз патлумачыў, што не ўсё можна разгалошваць: «Такія публічныя размовы — гэта з майго досведу працы паслом — наносяць шкоду гэтай справе».

«Справа рухаецца. Яна ёсць. Яна працуе і будзе вырашана», — запэўніў дыпламат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула