У Германіі шукаюць 38-гадовага беларуса, які не ўмеў плаваць, але сп'яну палез у возера і, хутчэй за ўсё, патануў
Яго 45-гадовы суайчыннік паспрабаваў уцячы ад паліцыі.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Roman Studio / Getty Images
Па інфармацыі нямецкага канала WRD, трагедыя адбылася на возеры Бокхольтэр (Bockholter) каля мясцовасці Гімбтэ недалёка ад горада Грэвен у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.
Кампанія з трох мужчын, сярод якіх два беларусы і іх знаёмы немец з Мюнстэра, піла на беразе. Беларусы — 38-гадовы і 45-гадовы — пайшлі паплаваць.
Калі з вады вынырнуў толькі адзін з іх, немец адразу выклікаў экстранныя службы.
Старэйшы беларус паспрабаваў пакінуць возера. Але яго машына загразла каля берага. У выніку ён у стане моцнага ап'янення быў затрыманы паліцыяй.
Паведамляецца, што паліцыя і ратавальнікі гадзінамі абшуквалі возера ў пошуках малодшага беларуса, выкарыстоўваючы выратавальны верталёт і вадалазаў. Аднак пошукі не далі вынікаў. Паліцыя мяркуе, што гэта быў няшчасны выпадак (па папярэдніх даных, беларус не ўмеў плаваць), але расследаванне вядзецца ва ўсіх напрамках.
Паліцыя Грэвена просіць магчымых сведак падзяліцца інфармацыяй.
Чытайце таксама:
Напісаў, дзе пакінуў рэчы і грошы. Што вядома пра гібель беларуса, якога знайшлі ў польскім порце
У Гданьску беларус стрэліў украінскаму сябру ў патыліцу. Куля захрасла ў галаве, а хлопцы працягнулі піць