БЕЛ Ł РУС

Да $1900: паглядзелі, якія кватэры прапануюць у арэнду студэнтам у Мінску напярэдадні навучальнага года

20.08.2024 / 8:0

Ганна Стафановіч

Лічаныя дні засталіся да таго моманту, калі Мінск накрые хваля студэнтаў з розных куткоў Беларусі. Паглядзелі, якія кватэры і па якім кошце ім прапаноўваюць арандаваць.

$1900: шыкоўная трохпакаёўка каля цырка

Не кожны ўласнік гатовы здаваць жыллё студэнтам. Шчыра кажучы, гэта зразумела: ёсць пытанні і па плацежаздольнасці такіх арандатараў, і па ладзе жыцця. Але ёсць і выключэнні.

Сапраўды шыкоўную трохпакаёўку з дызайнерскім рамонтам у самым цэнтры сталіцы (з вокнаў бачны Беларускі дзяржаўны цырк) гатовы здаць у арэнду студэнтам. Плошча кватэры 106 квадратаў, дзякуючы перапланіроўцы кухню пашырылі амаль да 27 квадратаў.

«Усё аздабленне з чырвонага дрэва. На падлозе ў пакоях паркет, на кухні — граніт. Уся мэбля з дрэва (вытворчасць Італія). Усе падаконнікі з мармуру», — напісана ў аб'яве.

За такую раскошу просяць $1900 за месяц, абавязкова перадаплата за 3 месяцы.

$1150: двухпавярховая кватэра з джакузі ў Ждановічах

У двухпавярховую кватэру, якая знаходзіцца за кіламетр ад кальцавой, гатовыя засяліць ажно 6 студэнтаў адразу. Ісці да электрычкі на Мінск — 5 хвілін.

Пазначана, што рамонт дызайнерскі (але пытанні да густу таго дызайнера, канечне, ёсць). Затое на 137 квадратах плошчы ёсць чатыры пакоі, два санвузлы і нават ванны пакой з джакузі.

$650: трохпакаёўка ў «Мінск-Свеце»

Шмат хто набываў кватэры ў «Мінск-Свеце» ў якасці інвестыцый. Таму цяпер актыўна з'яўляюцца прапановы арэнды ў новых дамах. Вось, напрыклад, трохпакаёўка ў доме, які быў пабудаваны ў 2022 годзе.

Плошча 63 квадраты, акуратны рамонт, ёсць уся неабходная мэбля і тэхніка. Пазначана, што прапісаны адзін чалавек, таму камуналка будзе мінімальнай. Перадаплату просяць за месяц плюс яшчэ заклад у такім самым памеры. Кошт самой кватэры — $650 за месяц.

$600: сціплая двухпакаёўка з састарэлай мэбляй

Уладальніца двухпакаёвай кватэры ў Міхайлаўскім завулку шукае ў арандатары канкрэтна студэнтаў. Лакацыя, канешне, неблагая, але сама кватэра выклікае пытаннечкі: невялікія пакойчыкі, кухня ўсяго 8 квадратаў, састарэлы рамонт і відавочна не новая мэбля. За спартанскія ўмовы жанчына хоча атрымліваць $600 штомесяц.

Дарэчы, на гэтую кватэру звярнулі ўвагу і карыстальнікі тыктоку. Адзін з блогераў жартаўліва пацікавіўся ў гаспадыні: «Чаму так танна вырашылі здаць?». Здаецца, той іронія не спадабалася: «У верасні будзе даражэй, можаце пачакаць».

$159: два пакоі ў камуналцы

Гэта самая танная прапанова, якую мы знайшлі. За $159 прапаноўваюць 2 сумежныя пакоі ў камунальнай кватэры на першым паверсе, якая знаходзіцца ў мікрараёне Сосны.

У аб'яве абяцаюць, што суседзі ціхія і з'яўляюцца ў камуналцы не часта.

Чытайце таксама:

У Крыжоўцы не ўпершыню спрабуюць здаць палац, шыкоўных інтэр’ераў якога саромеюцца нават рыэлтары ФОТЫ

«Мама мія! Гэта не дом, гэта дровы». Італьянец купляе бюджэтныя хаты ў беларускай глушы

У мінскім крутым гатэлі ўжо больш за тры гады жыве італьянец. І з'язджаць не збіраецца

Каментары да артыкула