У Мінску пачынаецца суд над Юліяй Краўцовай, якую затрымалі падчас рэйду за салідарнасць з палітвязнямі
У Мінскім абласным судзе 3 верасня пачынаюць судзіць 48-гадовую палітзняволеную Юлію Краўцову, затрыманую падчас рэйду КДБ за салідарнасць з палітвязнямі 23 студзеня 2024 года.
Жанчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Сутнасць абвінавачвання невядомая. Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Рыбакоў, піша «Вясна».
Паводле інфармацыі «Вясны», мінімум 14 затрыманых у студзені 2024 года патрапілі пад судовы крымінальны пераслед — кагосьці ўжо асудзілі, а хтосьці чакае працэс, які распачнецца днямі. Жанчынам, як правіла, прызначаюць да трох гадоў калоніі. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч.
Месца ўтрымання Юліі: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Юлія Валер'еўна Краўцова