Двое нашаніўцаў выйгралі журналісцкую прэмію «Вольнае слова»
У Вільні абвешчаныя вынікі традыцыйнага штогадовага журналісцкага конкурсу «Вольнае слова». Сярод пераможцаў — двое нашаніўцаў.
Пераможцы прэміі «Вольнае слова» на цырымоніі ў Вільні. Фота БАЖ
Трэцяе месца ў намінацыі «Інфармацыйныя жанры» атрымала Вера Белацаркоўская за артыкул «Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў»
Дыплом за перамогу ў намінацыі «Відэа» («Інфармацыйныя жанры») у Настассі Роўды за Ток з мастаком Уладзімірам Цэслерам:
«ЦЭСЛЕР — пра жыццё на Кіпры, культавых людзей, дух Мінска і антысемітызм | ТОК»
З астатнімі пераможцамі можна азнаёміцца на сайце БАЖ.
Наста Роўда і Уладзімір Цэслер падчас здымак праграмы ТОК
Настасся Сяргееўна Роўда нарадзілася 26 красавіка 1995 года ў Маладзечне ў сям'і токара і інжынеркі. Мае старэйшага брата.
Скончыла «Гімназію-каледж мастацтваў горада Маладзечна» (2012). Вучылася ў класе з музычным ухілам, займалася вакалам і ігрой на цымбалах. У школьныя гады прадстаўляла гімназію ў музычных конкурсах, пісала навуковыя працы па літаратуры, выступала на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.
У 2012 годзе падчас навучання ў выпускным класе гімназіі прайшла навучанне ў Школе маладога журналіста Беларускай асацыяцыі журналістаў пры незалежным выданні «Рэгіянальная газета», дзе ў той час выкладаў Глеб Лабадзенка.
Пасля гімназіі ў 17-гадовым узросце атрымала запрашэнне ў штат «Рэгіянальнай газеты» ў якасці карэспандэнткі. Скончыла завочна факультэт журналістыкі БДУ (2018) па спецыяльнасці «аўдыёвізуальныя СМІ».
У часе працы ў «Рэгіянальнай газеце» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Манцэвіча была ўніверсальным журналістам і адказвала за напаўненне газетнай старонкі «Крымінал», пісала артыкулы на грамадска-значныя, жыццёвыя, а таксама культурніцкія тэмы.
У 2014-2016 гадах вяла бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова» ў Маладзечне.
У ліпені 2016 Настасся Роўда перайшла працаваць у «Нашу Ніву» на пазіцыю рэдактара-рэпарцёра. Ад мая 2018-га — кіраўніца аддзела рэкламы і маркетынгу, з мая 2021 года — дырэктарка выдання.
У 2018-м годзе пачала ютуб-праект гутарак з вядомымі беларусамі «Ток», у рамках якога было апублікавана больш за сто выпускаў інтэрв’ю.
У час разгрому рэдакцыі ў ліпені 2021 года, калі былі арыштаваныя галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і рэдактара Андрэя Скурко, знаходзілася ва Украіне. «Наша Ніва» ні на адзін дзень не пераставала асвятляць падзеі ў Беларусі, праз рызыку крымінальнага пераследу за прафесійную дзейнасць рэдакцыя аднавіла працу выдання ў эміграцыі.
З 2020 года Настасся Роўда таксама з’яўляецца запрошанай трэнеркай у межах адукацыйных праграм «Прэс-клуба Беларусь» па накірунках інтэрв’ю і медыяменеджмент.
У 2024-м годзе была адзначаная дыпломам «W+M 2024» («Жанчыны плюс медыя») за таленавітае спалучэнне эфектыўнага менеджменту і яркай журналістыкі.