«Насралу забілі, калі ён глядзеў прамову Нетаньяху ў ААН». Як Ізраіль падмануў лідара «Хезбалы»
Ізраільскія ўлады правялі падманны манеўр з удзелам прэм'ер-міністра краіны, каб выклікаць у лідара «Хезбалы» пачуццё бяспекі.
Біньямін Нетаньяху. Photo by Michael Kappeler/picture alliance via Getty Images
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху ўзяў удзел у аперацыі па падмане лідара «Хезбалы» Хасана Насралы.
Падрабязнасці плана распавёў The Telegraph высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік.
Нетаньяху пакінуў Ізраіль і адправіўся ў Нью-Ёрк, каб увесці ў зман лідара «Хезбалы», прымусіўшы яго думаць, што ён у бяспецы.
Выступ Нетаньяху на Генеральнай асамблеі ААН 27 верасня быў часткай адцягваючага плана, які быў накіраваны на тое, каб прымусіць Хасана Насралу паверыць, што Ізраіль не будзе праводзіць сілавую аперацыю, пакуль прэм'ер-міністр знаходзіцца за межамі краіны.
Ізраіль нанёс удар па Бейруце ў пятніцу. Па словах чыноўніка, Насрала, як мяркуецца, глядзеў выступ Нетаньяху па тэлевізары і быў атакаваны ізраільскімі ВПС.
На бункер Насралы скінулі 80 бомбаў, кожная вагою тону.
«Нетаньяху ўхваліў гэты ўдар перад сваім выступам на Генеральнай Асамблеі ААН», — дадаў чыноўнік.
Атака адбылася праз некалькі хвілін пасля таго, як Нетаньяху паабяцаў працягнуць аперацыі супраць «Хезбалы» падчас свайго выступу ў ААН.
Прэм'ер-міністр Ізраіля выступіў з рашучай прамовай, заявіўшы дэлегатам, што Ізраіль будзе «працягваць аслабляць «Хезбалу» да таго часу, пакуль усе мэты не будуць дасягнуты».
Ізраіль абвясціў пра забойства Хасана Насралы ў выніку кропкавага авіяўдару. Разам з ім былі забітыя высокапастаўленыя камандзіры «Хезбалы».
Выказваецца меркаванне, што знаходжанне Насралы высачылі, дзякуючы папярэдняму падрыву пэйджараў. Пасля таго, як былі падарваныя прылады спецсувязі, «Хезбала» перайшла да перадачы загадаў кур'ерамі. Сочачы за імі, ізраільская разведка і выйшла на бункер Насралы.
Чытайце таксама:
Ізраіль забіў кіраўніка «Хезбалы» Хасана Насралу
Лідар «Хезбалы» перастаў выходзіць на сувязь пасля ізраільскіх удараў па Ліване
«Хезбала» запусціла больш за 100 ракет па Ізраілю, ЦАХАЛ нанёс удары па Ліване
У падкладанні выбухоўкі ў пэйджары «Хезбалы» абвінавачваецца «Масад»
Ізраіль яшчэ на вытворчасці заклаў выбухоўку ў тайваньскія пэйджары для «Хезбалы» — Reuters