Вальфовіч расказаў пра новую ідэю прызыву з запасу
Былыя вайскоўцы могуць быць прызваныя з запасу ў самыя кароткія тэрміны на службу, абыходзячы сістэму ваенных камісарыятаў.
Ілюстрацыйнае фота: Мінабароны
Досвед вайны ва Украіне аналізуецца на зборах з ваеннаабавязанымі, паведаміў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.
У аўторак, 8 кастрычніка, адбыліся заняткі з ваеннаабавязанымі, якія раней служылі ў спецпадраздзяленнях МУС, і добраахвотнікамі з атрада «Смерч». У зборы ўзялі ўдзел афіцэры і салдаты, якія служылі ў падраздзяленнях АМАП, САХР, «Алмаз», унутраных войскаў.
«Гэта новая форма прызыву ваеннаабавязаных: на дзень, на два, у выхадны дзень, без выкарыстання сістэмы мабілізацыі, якая адпрацаваная ў Беларусі», — цытуе дзяржсакратара БелТА.
Вальфовіч адзначыў, што ваеннаабавязаныя не страцілі навыкі, якія яны здабылі падчас службы.
«Калі хтосьці паквапіцца на наш суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, то па сігнале прэзідэнта кіраўнікі сілавога блока дадуць каманду, і ў дзеючыя падраздзяленні, абмінаючы ваенкаматы, на працягу літаральна некалькіх гадзін прыбудуць тыя, хто выдатна валодае навыкамі і спосабамі вядзення баявых дзеянняў», — распавёў ён.
Па словах Вальфовіча, для ваеннаабавязаных ужо падрыхтаваны форма і камплекты ўзбраення. Гэта дазволіць ім пры неабходнасці ўзмацніць баявы патэнцыял спецпадраздзяленняў у два ці тры разы, а правядзенне такіх збораў — адпрацаваць аператыўнасць неабходных дзеянняў.