Сын непрымірымага ворага Кадафі прыбыў у Беларусь, каб заключыць пагадненне
Садам Хафтар хоча падпісаць пагадненне аб падрыхтоўцы ваенных лётчыкаў для Лівійскай нацыянальнай арміі, якой камандуе ягоны бацька.
Садам Хафтар, малодшы сын лівійскага магната Халіфы Хафтара, які многімі разглядаецца як ягоны пераемнік. Фота: Фэйсбук
«Нашыя крыніцы: Садам Хафтар прыбыў у Рэспубліку Беларусь у суправаджэнні генерал-лейтэнанта Мухамада аль-Манфура аль-Аміна, камандуючага авіяцыйным каледжам ва ўсходнім рэгіёне, два дні таму. Садам і Аль-Манфур адправіліся ў Беларусь, каб дамовіцца аб здзелках са зброяй і навучанні вайскоўцаў ВПС», — гаворыцца ва ўчорашнім паведамленні Libya Press.
Бацька Садама, Халіфа Хафтар, у 1969 годзе браў удзел у арганізаваным Муамарам Кадафі перавароце, які прывёў да звяржэння манархіі ў Лівіі. Хафтар стаў адным з вышэйшых афіцэраў і галоўных набліжаных лівійскага лідара.
Аднак у час вайны Лівіі з Чадам за памежную паласу, якая разгарэлася ў 1987 годзе, галоўнакамандуючы Хафтар быў разбіты, тысячы лівійскіх салдат і сам Халіфа трапілі ў палон. Пасля паражэння Кадафі публічна адрокся ад палонных. Адной з прычынай было тое, што лівійскі лідар бачыў у сваім генерале пагрозу для сваёй улады. Раз'юшаны Хафтар парваў усе сувязі з Кадафі і заклікаў сваіх людзей дапамагчы яму ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.
Халіфа Хафтар. Фота: agenzianova.com
Хафтар урэшце выйшаў на волю і планаваў уварванне ў Лівію, аднак яго апярэдзіў Кадафі, які арганізаваў у 1990 годзе пераварот у Чадзе. Хафтара і яго прыхільнікаў давялося эвакуяваць ЦРУ. Больш за 20 гадоў генерал пражыў у ЗША, дзе атрымаў грамадзянства.
Пасля падзення Кадафі ў 2011 годзе Хафтар вярнуўся ў Лівію і ўзначаліў Лівійскую нацыянальную армію, сабраную з рэштак арміі Кадафі, стаўшы адным з ключавых гульцоў у лівійскай грамадзянскай вайне. Сёння ягоная армія кантралюе большую частку Лівіі.
Ягоным пераемнікам лічыцца сын Садам Хафтар. У студзені 2023 года Халіфа Хафтар абвясціў, што адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Лівіі пры ўмове, што яго сыны Садам і Бэлькасім атрымаюць магчымасць балатавацца. У маі Хафтар прызначыў Садама начальнікам штаба сухапутных войскаў.