Галоўнага трэнера футбольнай зборнай Казахстана аштрафавалі за непавагу да казахскай мовы
Галоўнага трэнера зборнай Казахстана расіяніна Станіслава Чарчэсава аштрафавалі на 738,4 тыс. тэнге (каля 1650 даляраў) з-за ягонай спробы пажартаваць пра казахскую мову. Зрабілі гэта «ў рамках этычнага рэгламенту».
Станіслаў Чарчэсаў. Фота: AP Photo/Denes Erdos
Станіслаў Чарчэсаў 13 кастрычніка пасля пройгрышу зборнай Славеніі ў Лізе нацый (0:1) адказаў журналісту ў футболцы клуба «Пары Сен-Жэрмен», які задаў пытанне на казахскай, ці не на французскай ён гаворыць.
На гэты інцыдэнт адрэагавала Міністэрства турызму і спорту краіны, якое запатрабавала тлумачэнняў.
У Федэрацыі футбола Казахстана патлумачылі, што гэта, маўляў, быў жарт, а Чарчэсаў нібыта з вялікай павагай ставіцца да казахскай мовы і актыўна яе вывучае. Тым не менш, штраф на яго наклалі:
«Ёсць памылкі, мы толькі ўчора пра гэта гаварылі з журналістамі. Гумар Чарчэсава, вядома, выходзіць за рамкі. Я асабіста перагаварыў з ім, патлумачыў актуальнасць і прыярытэт дзяржаўнай мовы. Мы правялі з ім гутарку, працу. Яму выстаўлены штраф», — сказаў кіраўнік Казахстанскай федэрацыі футболу Адлет Барменкулаў.
Чарчэсаў трапляе ў такую сітуацыю ўжо не першы раз. У чэрвені на зададзенае на казахскай мове пытанне ён прапанаваў адказаць па-асецінску. Сам ён родам з Паўночнай Асеціі, а трэніруе казахстанскую зборную з чэрвеня.
Раней ён быў вядомы як футбаліст, які ў 1990-я гады з'яўляўся адным з асноўных галкіпераў расійскай зборнай. Пасля ў 2016-2021 гадах ён кіраваў зборнай Расіі як трэнер.
Чытайце таксама:
Цюркскія дзяржавы дамовіліся пра адзіны лацінскі алфавіт. Убаку толькі Кыргызстан
Некалькі краін былога СССР самастойна зацвердзяць нацыянальныя алфавіты на базе агульнацюркскага
Беларусь згуляла ўнічыю з Люксембургам
Беларуская футбольная «маладзёжка» скончыла адборачны турнір да ЧЕ паразай ад Фарэрскіх астравоў