Тыктокеры ў захапленні ад тэорыі кастрычніка. Пра што гаворка?
У тыктоку шырыцца папулярная «тэорыя кастрычніка».
Пачынаць новае жыццё лягчэй з новай адзнакі ў календары — напрыклад, з 1 студзеня. Але што рабіць, калі новы год пачаўся і ўжо паспеў амаль прайсці, а зменамі ў жыцці і не пахне?
Адказ дае тэорыя кастрычніка, што стала ў апошні месяц проста віруснай. Тыктокерка Хлоя ван Беркель тлумачыць у відэа на 1,7 мільёна праглядаў, што кастрычнік — гэта нібыта другі Новы год. У кастрычніку людзі, якім цікава нешта змяніць у жыцці да лепшага, часам асэнсоўваюць, што ім ужо няма чаго чакаць, бо засталося толькі пару месяцаў да студзеня і наступнага года. Таму кастрычнік ператвараецца ў месяц перамен і важных рашэнняў.
Некаторыя блогеры ідуць далей і кажуць, што наша жыццё моцна змяняецца ў кастрычніку, нават калі мы гэтага не надта прагнем. Яны раяць прагледзець фоты ў тэлефоне за некалькі мінулых кастрычнікаў, таксама можна вывучыць свае запісы ў сацсетках за гэтыя месяцы або, калі вы вядзеце дзённік, паглядзець, што вы там пісалі ў гэты час.
Тыктокеркі, якія так ужо зрабілі, дзеляцца сваім досведам. Паводле іх словаў, шмат важных падзей у іх жыцці адбывалася менавіта ў кастрычніку: у гэты час яны мянялі працу, пераязджалі ў іншую краіну ці іншы дом. Але калі вы не ведаеце, за што брацца, кастрычнік — гэта таксама месяц, калі можна пераглядаць свае мэты і выношваць планы па іх дасягненні.
Таксама ў кастрычніку пачынаецца так званы cuffing season — «сезон кайданак», калі адзінокія людзі быццам жадаюць «прышпіліць» сябе да кагосьці іншага і актыўна шукаюць пару. Гэта звязана з тым, што наперадзе зімнія святы, а за імі і дзень святога Валянціна. Лічыцца, што cuffing season якраз і сканчаецца пасля Дня ўсіх закаханых, то-бок 14 лютага.
Эмілі Леес, амерыканская псіхатэрапеўтка і спецыялістка па трэніроўцы мозга, патлумачыла ў сваім відэа, як працуе тэорыя кастрычніка. Яна кажа пра тое, што кастрычнік — гэта насамрэч месяц перамен: змяняецца надвор’е і наша навакольнае асяроддзе, мы пачынаем насіць іншую вопратку, а нехта, магчыма, ужо задумваецца пра зімовыя святы.
Наша мысленне, пачуцці і паводзіны цесна звязаныя з тым, што нас атачае. Калі надвор’е на нейкі час застывае ў адным стане, мы і думаем аднолькавым чынам. Але калі на дварэ халадае і мы мусім насіць куртку, дый рэчы навокал выглядаюць па-іншаму, у нашага мозга з’яўляецца здольнасць будаваць новыя сувязі і змяняць нашы думкі, пачуцці і паводзіны, бо трэба іх перабудоўваць дзеля іншых умоў.
Акрамя таго, восень і сама сімвалізуе перамены. У дзяцінстве і юнацтве з пачаткам восені мы вярталіся да вучобы, і гэта быў час, калі моцна змяняўся наш расклад і ўсё, што нас атачала. Таму, лічыць Эмілі, мы прывучаемся асацыяваць восень з пераменамі і падсвядома чакаем ад яе нечага новага і ў дарослым жыцці.
Не абавязкова верыць у гэтую тэорыю, каб удалося нарэшце нешта змяніць. Галоўнае, каб вы сапраўды хацелі ўжыць тэорыю кастрычніка на сабе і былі гатовыя для перамен — тады вялікі шанс, што ўсё ўдасца.
Чытайце таксама:
У цэнтры Гродна заўважылі трусоў. Адкуль яны там?
Рэвалюцыя ў тэхналогіі «захоп руху» хутка зменіць свет гульняў, фітнесу і медыцыны