БЕЛ Ł РУС

Памёр Мікола Трафімчук

22.10.2024 / 19:23

Nashaniva.com

Два дні таму памёр беларускі паэт Мікола Трафімчук, паведамілі ягоныя сябры ў сацсетках. Яму было 74 гады, прычынай смерці сталі двайны інсульт і інфаркт.

Мікола Трафімчук нарадзіўся 3 студзеня 1950 года ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёна. У 1975 годзе скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.

Пасля працаваў у рэдакцыях раённых газет, на брэсцкім тэлебачанні, у газетах «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1994 года.

У 2005 годзе Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха «Гоман».

Друкаваўся з 1970 года. Першая асобная кніга паэта «Трыванне» выйшла ў 1990 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». пасля былі яшчэ зборнікі вершаў «Траекторыя» (1992), «Фэст, альбо Трыяда» (1993), «Нішта не вернецца ніколі» (1995), «Любіць Бог Беларусь» (1996) і іншыя.

Многія вершы Мікалая Трафімчука пакладзеныя на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад», «Слуцкі казачок» і інш. Дарэчы, і сам паэт акрамя пісання вершаў умеў граць на гармоніку, які заўсёды браў на аўтарскія сустрэчы, выконваючы пад яго аўтарскія песні.

Чытайце таксама:

Памерла Ларыса Рыжкова

Памёр Генадзь Цыхун

Памёр гісторык Уладзімір Тугай

Каментары да артыкула