У розных краінах Еўропы прайшла Ноч расстраляных паэтаў ФОТЫ
У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя прынамсі 132 дзеячы беларускай культуры, навукі, тагачасных чыноўнікаў. Сярод іх былі 22 літаратары. У 2024 годзе акцыі памяці праходзяць больш як у 40 гарадах не менш чым 15-ці краін свету.
У Вільні імпрэза памяці «Ноч (не)расстраляных паэтаў» прайшла на вуліцы Ахвяраў (Aukų g.) непадалёк ад таго будынка, дзе ў свой час месціўся літоўскі філіял КДБ.
У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі пры падтрымцы тэатра «Дзея Другая» і варшаўскай суполкі Таварыства беларускай мовы адбыўся вечар памяці, прысвечаны гэтай крывавай даце ў гісторыі Беларусі — масаваму расстрэлу прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.
Падчас імпрэзы прагучалі творы беларускага музычнага мастацтва ў выкананні кампазітара Іллі Семашкевіча. Прафесійныя акцёры і грамадскія дзеячы прачыталі вершы ахвяраў палітычных рэпрэсій. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка прачытаў урывак з паэмы Анатоля Вольнага «Кастусь Каліноўскі».
У Беластоку ў памяць Ночы расстраляных паэтаў 1937 года выступіў Вольны Хор з Варшавы. Ён прадставіў адмысловую праграму на вершы рэпрэсаваных сталінскім рэжымам творцаў. Канцэрт адбыўся ў сімвалічным месцы — Музеі памяці Сібіры.
Фота: Радыё «Рацыя»
Фота: Радыё «Рацыя»
Фота: Радыё «Рацыя»
У «Доме Вольнай Беларусі» ў Львове быў паказаны дакументальны фільм «Лес», які апавядае некалькі рэальных гісторый сталінскіх рэпрэсій на Гомельшчыне ў 1930-х гадах. У фільме выкарыстаны архіўныя відэа– і аўдыёматэрыялы, на якіх відавочцы расказваюць пра падзеі 1930-х гадоў.
Акрамя беларусаў у мерапрыемстве ўзялі ўдзел сустаршыня Лігі ўкраінскіх жанчын Міраслава Цімчышын, студэнты гістфака Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франка, аграрнага ўніверсітэта, а таксама ўкраінская моладзь, якая дапамагае беларускім добраахвотнікам.
Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
Чытайце таксама:
Як магла б выглядаць сустрэча з паэтам Тодарам Кляшторным, расстраляным у 1937 годзе
«Ноч расстраляных паэтаў». Расклад і адрасы мерапрыемстваў па ўсім свеце
Вершы расстраляных у 1937-м паэтаў прагучаць у фармаце спектакля-канцэрта