БЕЛ Ł РУС

Хакеіста мінскага «Дынама» будуць судзіць за групавое згвалтаванне

15.11.2024 / 19:25

Nashaniva.com

Дылон Дзюбе і яшчэ некалькі хакеістаў абвінавачваюцца ў групавым згвалтаванні, учыненым у 2018 годзе.

Дылон Дзюбэ. Фота: «Дынама» Мінск

Судовы працэс па справе пецярых былых гульцоў моладзевай зборнай Канады аб сэксуальным гвалце пачнецца 22 красавіка 2025 года.

Справу будзе разглядаць суд у Лондане ў правінцыі Антарыё пры ўдзеле прысяжных. Абвінавачаныя настойвалі, каб працэс пачаўся ў верасні 2025 года, аднак суддзя адхіліў гэтую прапанову, піша Sportsnet.

Сярод абвінавачаных — нападнік Дылон Дзюбэ, які цяпер выступае ў мінскім «Дынама». На фоне скандалу клубы Нацыянальнай хакейнай лігі скасавалі кантракты з усімі фігурантамі, і Дзюбэ давялося шукаць працу ў Еўропе.

На суд ён павінен будзе з'явіцца асабіста. Нападнік, як і ягоныя таварышы, віны не прызнае.

Хакеістаў абвінавачваюць у тым, што яны групай згвалцілі жанчыну пасля святочнага мерапрыемства ў гонар моладзевай зборнай Канады ў чэрвені 2018 года.

Справа расследавалася ў 2018-2019 гадах, тады следчыя не знайшлі дастатковых доказаў злачынства. Аднак на фоне шырокай крытыкі ў адрас Федэрацыі хакея Канады паліцыя Лондана аднавіла расследаванне ў ліпені 2022 года. Цяпер справа перададзена ў суд.

Дарэчы, Дзюбэ ў «Дынама» не апраўдвае чаканняў: у гэтым сезоне КХЛ ён закінуў толькі тры галы і аддаў пяць перадач у 25 матчах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула