БЕЛ Ł РУС

Беларуса, затрыманага ў Славакіі, пастанавілі вызваліць з закрытага лагера для іншаземцаў

25.11.2024 / 18:34

Nashaniva.com

Адміністрацыйны суд у Кошыцэ (Славакія) пастанавіў вызваліць з «Цэнтра ўтрымання іншаземцаў» беларуса Дзмітрыя Лукомскага 25 лістапада. Раней ён знаходзіўся ў адкрытым лагеры і прасіў прытулку ў Славакіі, але 18 кастрычніка Лукомскага там затрымала паліцыя, піша «Радыё Свабода».

У 2020 годзе жыхар Гомеля Дзмітрый Лукомскі неаднаразова трапляў у ізалятар часовага ўтрымання з палітычных прычын. Пасля ён з'ехаў з Беларусі і жыў ва Украіне.

У 2024 годзе вырашыў пераехаць у Славакію. Там разам са сваёй сяброўкай Віялетай Майшук яны падалі заяву на прытулак. Пару ўтрымлівалі ў адкрытым лагеры. Дзмітрый быў незадаволены ўмовамі ў лагеры — харчаваннем, рэжымам, абмежаваннямі — і пісаў скаргі. Урэшце 18 кастрычніка яго затрымала паліцыя і змясціла ў «Цэнтр утрымання іншаземцаў».

Беларус палічыў такую меру неабгрунтаванай і праз юрыстку падаў скаргу ў суд.

«Па сутнасці, гэта той жа беларускі ізалятар часовага ўтрымання — усюды ходзіш пад канвоем, няма права нічога мець свайго, нават ручкі. Адзенне забралі, я ледзь выбіў частку назад, але куртку так і не аддалі, быў вымушаны хадзіць на прагулкі без курткі, у тапках», — расказаў Дзмітрый Лукомскі.

Паводле слоў Лукомскага, суд пастанавіў вызваліць яго з «Цэнтра ўтрымання іншаземцаў» закрытага тыпу. Дзмітрый паведаміў, што суд стаў на ягоны бок і прызнаў, што дзеянні паліцыі па яго змяшчэнні ў Цэнтр былі празмернымі, а ў яго паводзінах у адкрытым лагеры не было ніякіх правапарушэнняў або злачынстваў.

«Суд пастанавіў, што паліцыя неправамерна працягнула мне тэрмін утрымання ў Цэнтры яшчэ на тры месяцы — да лютага», — дадаў беларус.

Лукомскі адзначае, што з-пад варты яго пакуль не адпусцілі. Паводле працэдуры, на перасылку пісьмовай пастановы суда ў Цэнтр адводзіцца да 7 дзён. Калі гэта адбудзецца, Дзмітрыя перавядуць назад у адкрыты лагер, дзе ён будзе чакаць рашэння па атрыманні абароны. Калі ж паліцыя абскардзіць пастанову суда, то справа можа зацягнуцца, і ўвесь гэты час беларусу давядзецца знаходзіцца ў закрытым лагеры.

Чытайце таксама:

Гомельскага актывіста ў Славакіі чакае суд у сувязі «з пагрозай нацыянальнай бяспецы»

Беларуса Дзмітрыя Лукомскага перавялі ў славацкую турму

У Славакіі паліцыя затрымала беларуса

Каментары да артыкула