БЕЛ Ł РУС

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа

25.11.2024 / 21:2

Nashaniva.com

«Не любая інфармацыя, якая размяшчаецца на рэсурсе, які прызнаны экстрэмісцкім, з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам».

Што будзе, калі чалавек зняў бяскрыўднае відэа ў тыкток, а рэсурс, прызнаны ў лукашэнкаўскай Беларусі «экстрэмісцкім», размесціць гэты матэрыял у сваіх сацыяльных сетках без згоды аўтара і не паінфармаваўшы яго?

На гэта пытанне ў эфіры СТБ адказаў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Генеральнай пракуратуры Беларусі Валерый Шуляк.

«Адказнасць за экстрэмізм, як і за любое правапарушэнне, прадугледжвае ўсё ж такі віну чалавека, яго намер на тое, каб нейкая інфармацыя была размешчана на экстрэмісцкім рэсурсе.

Акрамя таго, не любая інфармацыя, якая размяшчаецца на рэсурсе, які прызнаны экстрэмісцкім, з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам. Яна павінна перадусім распальваць варожасць».

Па словах прадстаўніка пракуратуры, калі чалавек, напрыклад, зняў нейкую аварыю, а пазней яго відэа было апублікавана на «экстрэмісцкім» рэсурсе, пракуратура «наўрад ці зможа яго ў нечым папракнуць».

Чытайце таксама:

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

У тыктоку знайшлі яшчэ адну 100% прыкмету беларусаў

У Гомелі судзілі вядомую тыкток-блогерку

Каментары да артыкула