БЕЛ Ł РУС

Уладальнік Вялікага адроннага калайдара скасаваў супрацоўніцтва з Беларуссю

30.11.2024 / 16:22

Nashaniva.com

Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях (ЦЕРН) з 30 лістапада спыняе супрацоўніцтва з навукова-даследчымі інстытутамі з Беларусі і Расіі.

«Рашэнне краін — удзельніц арганізацыі спыніць кааперацыю з Мінскам і Масквой закране перш за ўсё супрацоўніцтва з расійскімі навуковымі інстытутамі», — гаворыцца ў паведамленні ЦЕРН, якое цытуе Swissinfo.

Як засведчылі ў арганізацыі, адсутнасць навукоўцаў з Расіі будзе, вядома, адчувальная, аднак ЦЕРН зможа кампенсаваць гэтае змяншэнне. Расія, да таго ж, ніколі не была краінай-удзельніцай цэнтра, маючы толькі асаблівы статус дзяржавы-назіральніцы, яна не ўносіла свайго ўкладу ў гадавы бюджэт ЦЕРН і не валодала правам голасу.

Колькасць навукоўцаў з Беларусі традыцыйна тут таксама была невялікая.

Пра намер скасаваць пагадненні аб супрацоўніцтве з Беларуссю і Расіяй у ЦЕРН заявілі яшчэ ў 2022 годзе пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Пагадненні аб міжнародным супрацоўніцтве ЦЕРН звычайна заключаюцца на пяць гадоў і аўтаматычна працягваюцца на той жа перыяд, калі адзін з бакоў не накіруе другому боку пісьмовае паведамленне аб скасаванні.

Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях была створана ў 1953 годзе і з'яўляецца найбуйнейшай у свеце лабараторыяй фізікі высокіх энергій. Яна знаходзіцца на мяжы Швейцарыі і Францыі, паблізу Жэневы. Арганізацыі належыць Вялікі адронны калайдар. 

Чытайце таксама:

«У будучыні нам удасца зладзіць кам’юніці, якое спрычыніцца да будаўніцтва палескага калайдара». Як энтузіясты папулярызуюць навуку па-беларуску

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

З-за энергетычнага крызісу ў Еўропе могуць спыніць Вялікі адронны калайдар

Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях не будзе супрацоўнічаць з Расіяй і Беларуссю

Каментары да артыкула