БЕЛ Ł РУС

Ва Узбекістане затрымалі вядомага расійскага журналіста Аляксея Піваварава і яго здымачную групу

1.12.2024 / 18:02

Nashaniva.com

абноўлена

Півавараў анансаваў відэа пра Узбекістан на сваім канале «Рэдакцыя».

Аляксей Півавараў. Фота: Wikimedia Commons

Расійскага журналіста Аляксея Піваварава і здымачную групу яго праекта «Рэдакцыя» затрымалі ва узбекістанскім Нукусе. 

Уся каманда «Рэдакцыі» знаходзіцца ў аддзяленні ўнутраных спраў. Разам з Піваваравым і ягонай камандай таксама затрымалі ўзбекскую журналістку Ферыдэ Махсетаву, піша Hook.

Падставай для затрымання нібыта стала заява, напісаная на каманду ад нейкага жыхара горада.

Тэлефоны ў затрыманых «на размову» адбіраць не сталі, аднак сілавікі патрабуюць іх на праверку. Паводле звестак СМІ, Піваварава трымаюць у асобным кабінеце.

Следчы адмаўляецца паказваць заяву і наогул адказваць на пытанні. Сілавыя органы і пракуратура не адказваюць на званкі журналістаў.

У праекта Піваварава «Рэдакцыя» на ютубе 4,36 млн падпісчыкаў. У 2022 годзе экс-журналіст НТВ быў прызнаны замежным агентам у Расіі. Сёлета ён быў вымушаны звольніць частку каманды праз закон, які забараняе размяшчаць рэкламу ў замежных агентаў. Тым не менш «Рэдакцыя» працягвае працу.

Дапоўнена. Праз пару гадзін Піваварава і здымачную каманду адпусцілі. У іх канфіскавалі дзве флэшкі з адзнятым матэрыялам пра Каракалпакстан, піша Hook. Півавараў напісаў у тэлеграме: «Калі мы былі ў Нукусе, нас запрасілі на гутарку супрацоўнікі МУС. Мы пагаварылі, расказалі пра сябе і свае планы, супрацоўнікі былі ветлівыя і карэктныя. Цяпер ужо едзем далей».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула