БЕЛ Ł РУС

Як аўтакаміс падманвае пры продажы машыны са Штатаў

27.12.2024 / 14:6

Nashaniva.com

Патрыманае аўто пры продажы часам спрабуюць выдаць за больш новае. Вось да якіх выкрутасаў прыбягаюць.

Машына мае два гады прастою?

Яскравы прыклад падману пры продажы патрыманага аўто — аб'ява пра Ford Mustang 2018 года, выстаўлены на продаж у лідскім аўтакамісе за 21 750 даляраў.

У першым радку апісання пазначана, што гэтая машына «без прабегу па Беларусі».

Фота: скрыншот з сайта av.by

Але праверка па VIN паказвае, што гэта машына была прададзена ў ЗША 11 жніўня 2022 года. Роўна праз тры месяцы яна прайшла мытную ачыстку ў Беларусі.

Фота: скрыншоты з сайтаў bidfax.info і customs.gov.by, калаж: «Наша Ніва»

Атрымліваецца, што тут яна ўжо трэці год. І пашкоджанні, з якімі яна да нас прыехала, не выглядаюць настолькі істотнымі, каб на пошук запчастак і рамонт магло пайсці два гады.

Вызначыць дакладна, колькі гэты Ford Mustang за гэты час мог накалясіць па Беларусі, немагчыма, паколькі ў аўтамабіля скручаны прабег. 

На момант продажу ў ЗША прабег складаў 77 203 мілі (124 246 кіламетраў). Праз больш чым два гады ў Беларусі аўто прадаецца з заяўленым прабегам 79 тысяч кіламетраў.

Фота: скрыншоты з сайта bidfax.info

Нават па фота бачна, што стан крэсла кіроўцы не адпавядае заяўленаму прабегу. 

Фота: скрыншот з сайта av.by

Як мінімізаваць рызыку быць падманутым?

Калі гаворка ідзе пра аўто са Штатаў, то першае, што трэба зрабіць, — гэта ўвесці VIN-нумар у пошукавік. Амаль усе машыны, які едуць да нас з ЗША, набываюцца там на страхавых аўкцыёнах Copart або IAAI. Інфармацыя аб рэалізаваных лотах захоўваецца адразу на некалькіх сайтах, таму гуглёж VIN — самы просты, інфарматыўны спосаб, прычым яшчэ і бясплатны. 

Многія дасведчаныя прадаўцы пра гэта ведаюць і наўмысна пішуць у аб'яве памылковы VIN. Таму, калі па пазначаным нумары ў аб'яве аўто з ЗША не гугліцца, варта папрасіць прадаўца выслаць фота нумара кузава на машыне або тэхпашпарта. 

Калі і гэта не дапаможа, то ёсць верагоднасць, што прадавец вычысціў за грошы інфармацыю з адкрытага доступу. 

Калі машына са Штатаў не прабіваецца праз пошукавікі, можна набыць платную справаздачу Carfax. У ёй няма фота аўтамабіля, але там захоўваюцца даныя аб наяўнасці аварыйнага мінулага і візітах на СТА з указаннем прабегу.

Для праверкі гісторыі транспарту, які доўга эксплуатуюць у Беларусі, добра падыходзіць платны сэрвіс ад av.by. Таксама сэрвіс ад «Аўтамалінаўкі» захоўвае інфармацыю пра старыя аб'явы аб продажы аўто на іх сайце, гэта дазваляе ўбачыць, з якім прабегам, у якім стане і за якія грошы машыну прадавалі раней. Канешне, пры ўмове, што ў папярэдніх аб'явах прадаўцы паказвалі сапраўдны нумар кузава. Апроч гэтага, будзе гісторыя ДТЗ на тэрыторыі Беларусі, гісторыя праходжання тэхаглядаў з паказаннем прабегу і шмат іншага. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула