У Гродзенскай вобласці заўважылі пералётных птушак
На незвычайную для студзеня з'яву звярнуў увагу чытач Newgrodno.by. Ён зняў у небе клін пералётных птушак. Хутчэй за ўсё, гэта былі дзікія гусі.
Newgrodno.by
Птушак заўважылі над вёскай Радзевічы Мастоўскага раёна прыкладна за 40 км ад Гродна.
Звычайна, дарэчы, гэтыя пералётныя птушкі з'яўляюцца ў небе над Беларуссю ў сакавіку. Аднак змена клімату магла паўплываць і на паводзіны крылатых. Дарэчы, некалькі гадоў таму белалобых гусей заўважалі ў студзені над Брэстам.
Newgrodno.by
Як адзначалі тады спецыялісты, гэтыя птушкі зімуюць у раёне Балтыйскага мора, а на месцы гнездавання ў тундру ляцяць менавіта над нашай краінай.
Збірацца ў шлях іх магла прымусіць больш цёплая, чым звычайна, зіма, хоць, магчыма, наадварот, гусі ў чаканні маразоў перабіраюцца ў больш камфортныя месцы.