БЕЛ Ł РУС

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

20.01.2025 / 11:38

Nashaniva.com

29-гадовую Карыну Праташчык чакае малое дзіця. Затрымаць дзяўчыну маглі падчас леташняй аблавы КДБ на прадпрыемстве.

Карына Праташчык. Фота з яе старонкі Укантакце (архіўная копія)

Карыне Праташчык 29 гадоў. Яна родам з Мінска. Карына вельмі творчы чалавек — любіць падарожнічаць, фатаграфаваць і рабіць розныя рэчы рукамі. А пяць гадоў таму стварыла ўласныя развіваючыя карткі для дзяцей.

Мяркуючы па сацсетках, у дзяўчыны ёсць муж і непаўналетняе дзіця.

Вясельнае фота Карыны. Узятае з яе старонкі Укантакце (архіўная копія)

Па звестках «Белпола», з 2017 года Праташчык працавала на «Пеленгу». Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў.

Невядома напэўна, калі яе затрымалі — апошняя актыўнасць Карыны, якую мы адшукалі, адбывалася больш за 7 месяцаў таму. Прыкладна ў той жа час, у ліпені 2024 года, адбывалася аблава на супрацоўнікаў «Пеленга».

Звязаная яна была з вялікім расследаваннем «Белпола», якое грунтавалася на злітых з прадпрыемства дакументах. Супрацоўнікаў «Пеленга» вадзілі на паліграф, а некаторых — звольнілі. Пра крымінальныя справы па выніках аблавы дагэтуль не было вядома.

Суд над дзяўчынай пачынаецца 3 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Карыну абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Ёй пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў калоніі.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

«Усе разышліся, яны засталіся ўдвух». Адкрыліся некаторыя падрабязнасці забойства інжынера «Пеленга»

Ветэрынара са Смілавічаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах. Яму пагражала да 12 гадоў калоніі

Працягваецца масавы пераслед супрацоўнікаў ААТ «Пеленг»

Каментары да артыкула