Рэзка нарастае разрыў між ростам мужчын і жанчын
Аналіз звестак за стагоддзе паказаў, што рост і маса цела ў мужчын раслі ў два разы хутчэй, чым у жанчын.
Навукоўцы выявілі, што за апошняе стагоддзе рост і маса цела мужчын выраслі значна больш, чым у жанчын, што прывяло да павелічэння палавога дымарфізму — розніцы ў фізічных характарыстыках паміж мужчынамі і жанчынамі.
Гэтыя высновы былі апублікаваны ў часопісе Biology Letters. У аснове даследавання ляжыць аналіз даных 135 тысяч чалавек з 62 краін за 100 гадоў, сабраных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ).
Для аналізу змяненняў фізічных параметраў людзей даследчыкі выкарысталі паказчык Індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу (Human Development Index — HDI). Ён уключае тры асноўныя кампаненты: прагназаваную працягласць жыцця, колькасць гадоў адукацыі і нацыянальны даход на душу насельніцтва. HDI разлічваецца па шкале ад 0 да 1, дзе 1 адлюстроўвае максімальна высокі ўзровень жыцця.
Навукоўцы разлічылі, як змяненне HDI на 0,2 уплывае на сярэдні рост і масу цела людзей. Як і чакалася, паляпшэнне аховы здароўя і лепшы доступ да ежы прывялі да таго, што людзі дадалі ў росце і вазе. Але калі аўтары паглядзелі на адрозненні паміж паламі, то былі здзіўлены, як узрос палавы дымарфізм.
Паводле вынікаў, кожны раз, калі HDI рос на 0,2, мужчыны станавіліся ў сярэднім на 4 сантыметры вышэйшымі і на 6,5 кілаграма цяжэйшымі, у той час як жанчыны дадавалі ў рост усяго 1,7 сантыметра і ў масе цела — 2,7 кілаграма. Такім чынам, змены ў фізічных параметрах мужчын адбываліся прыкладна ў два разы хутчэй, чым у жанчын.
Даследчыкі таксама прааналізавалі гістарычныя змены. Прыкладна кожная чацвёртая жанчына, якая нарадзілася ў 1905 годзе, была вышэйшая за сярэдняга мужчыну свайго ўзросту. Для жанчын, якія нарадзіліся ў 1958 годзе, гэты паказчык упаў прыкладна да адной з васьмі жанчын.
Такім чынам, як заўважаюць аўтары, іх даследаванне выявіла, што мужчыны больш адчувальныя да паляпшэння або пагаршэння ўмоў жыцця, асабліва ў дзяцінстве і падлеткавым узросце, што спрыяе больш значным зменам у іх фізічных характарыстыках.
Нельга адкідваць і такі фактар, як эвалюцыйны адбор. Ён таксама адыграў важную ролю. Вышэйшыя і мацнейшыя мужчыны працягваюць успрымацца як больш здаровыя і здольныя канкураваць за рэсурсы. Гэта павышае іх шанцы ў супрацьлеглага полу.
Аўтары адзначаюць, што ўмовы жыцця ў дзяцінстве і падлеткавых гадах не толькі ўплываюць на індывідуальны рост, але і фарміруюць розніцу ў гэтым паказчыку паміж мужчынамі і жанчынамі. Таму, на іх думку, рост мужчын і палавы дымарфізм у росце могуць выкарыстоўвацца як карысныя інструменты для ацэнкі здароўя насельніцтва.
Вучоныя заўважаюць, што іх вывады неабходна інтэрпрэтаваць з асцярожнасцю, бо яны маюць карэляцыйны характар і патрабуюць пацвярджэння ў доўгатэрміновых даследаваннях. Гэта асабліва важна для вывучэння ўплыву ранніх стрэсавых фактараў на развіццё фізічных параметраў.
Чытайце таксама:
Па прагнозах эксперта, у гэтым годзе жанчыны абгоняць мужчын у сэксе з робатамі
Знакамітая беларуская пісьменніца расказала, як перастала быць феміністкай
Стала вядомай самая частая прычына разводаў у Беларусі. І гэта не здрада