БЕЛ Ł РУС

У Расіі заклікалі расследаваць дуэль Лермантава

25.01.2025 / 15:32

Nashaniva.com

У сацсетках жартуюць, што знойдуць украінскі след.

Дэпутат Дзярждумы, народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў папрасіў Следчы камітэт расследаваць смерць паэта Міхаіла Лермантава, які загінуў на дуэлі ў 1841 годзе, піша Радыё Свабода.

Дэпутат лічыць, што следства пасля дуэлі было праведзена нядобрасумленна: напрыклад, ён піша, што куля трапіла ў цела «па неверагоднай для роўнай паверхні траекторыі — знізу ўверх, пад вуглом амаль у 40 градусаў». «Пераканаўча прашу вас аб правядзенні сучаснага, сумленнага, непрадузятага расследавання з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, наяўных у распараджэнні Следчага камітэта Расіі», — гаворыцца ў яго звароце.

У сацсетках над ініцыятывай Бурляева аднадушна пацяшаюцца і памяркоўныя, і патрыятычныя, і ліберальныя аўтары. Многія спрабуюць уявіць сабе, як магло б выглядаць такое «расследаванне», і прапануюць Следчаму камітэту іншыя востра актуальныя справы.

«Абсурдныя гісторыі ад дэпутатаў дапоўніліся прапановай расследаваць гібель Міхаіла Лермантава. Ну, гэта значыць, усё па-даросламу: адкрыць крымінальную справу, правесці следча-аператыўныя мерапрыемствы, экспертызы і ўсе справы. Выключна таму, што дэпутату здалося нешта незразумелым і дзіўным у афіцыйнай версіі гібелі. Не пад тым вуглом куля трапіла.

Верагодна, снайпер спецназа ГУР сядзеў непадалёк і пазбавіў Расію яе здабытку.

Добра быць дэпутатам у Расіі. Карысці ад цябе прыкладна нуль, сумна, вось ты і фантануеш рознага роду прапановамі. Заробак, зноў жа. Дзяржзабеспячэнне. Абеды ў сталовай за смешныя грошы. Чаго не дэпутацтваваць», — напісаў Анатоль Несміян.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула