Заснаваны беларусам самы дарагі малады стартап у свеце прапануе зліцца з TikTok
Гэтая здзелка можа спадабацца адміністрацыі Дональда Трампа і выратаваць папулярную кітайскую сацсетку, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы.
Дзяніс Ярац, заснавальнік амерыканскага ШІ-стартапа Perplexity. Фота: devby.io
Кампанія Perplexity AI, якая займаецца распрацоўкай штучнага інтэлекту, прапанавала папулярнай кітайскай платформе кароткіх відэа TikTok зліццё, каб дазволіць ёй легальна працаваць у ЗША і не баяцца блакіроўкі, даведалася агенцтва Reuters і іншыя амерыканскія медыя.
Згодна з данымі крыніц, Perplexity AI накіравала такую прапанову як кітайскай карпарацыі ByteDance, якая валодае TikTok, так і патэнцыйным інвестарам. Сярод ключавых пунктаў новай прапановы — стварэнне холдынгавай кампаніі NewCo, палова акцый якой будзе перададзеная ўраду ЗША.
Сам холдынг NewCo, паводле дакументаў, будзе ўяўляць сабой аб'яднанне Perplexity AI і TikTok U.S., кампаніі, якая кантралюе амерыканскі сегмент сацсеткі TikTok, і каштаваць мінімум $300 млрд, піша Reuters.
Perplexity AI упершыню выказала цікавасць да куплі TikTok яшчэ 19 студзеня. Першапачатковая прапанова мела на ўвазе, што акцыянеры TikTok захаваюць свае долі, а Perplexity AI, якая базуецца ў Каліфорніі, атрымае доступ да відэакантэнту платформы. Цяпер ва ўмовах здзелкі ўдакладняецца, што акцыянеры TikTok будуць удзельнічаць і ў капітале новага холдынгу, а сама здзелка будзе ўяўляць аб'яднанне, а не продаж амерыканскага сегменту TikTok кампаніям з ЗША, што павінна задаволіць кітайскі бок.
У красавіку 2024 года Кангрэс ЗША прыняў закон, які абавязваў кітайскую кампанію ByteDance прадаць платформу амерыканскай кампаніі да 19 студзеня 2025 года, інакш яе заблакуюць. ByteDance не выканала ўмовы і ў выніку TikTok быў заблакаваны на ўсёй тэрыторыі ЗША, але толькі на адзін няпоўны дзень, бо да ўлады прыйшоў Дональд Трамп, які адразу ж скасаваў блакіроўку платформы.
Пазней Дональд Трамп заявіў у сваёй сацсетцы Truth Social, што дасць мацярынскай кампаніі TikTok больш часу для пошуку ўхваленага амерыканскага пакупніка, перш чым зноў забараніць TikTok у ЗША. Ён напісаў таксама, што хацеў бы, каб Злучаныя Штаты валодалі 50% акцый сумеснай кампаніі.
Нагадаем, што амерыканскі стартап Perplexity коштам каля $9 млрд, які распрацоўвае альтэрнатыву пошукавай сістэме Google на базе штучнага інтэлекту, нядаўна завяршыў новы раўнд інвестыцый аб'ёмам $500 млн, у выніку чаго ён стаў самым дарагім маладым стартапам у свеце. У яго ўклаліся ў тым ліку заснавальнік Amazon Джэф Безас, гендырэктар Y Combinator Гары Тан і распрацоўшчык графічных працэсараў Nvidia.
Цяпер Perplexity атрымлівае каля 15 млн пошукавых запытаў у дзень, а выручка за 2024 год склала $50 млн.
Беларус Дзяніс Ярац заснаваў Perplexity з двума партнёрамі ў ЗША, дзе жыве больш за 10 гадоў. Нарадзіўся ён у Гомелі, адукацыю атрымаў у Мінску ў БДУ, дзе вывучаў матэматыку і камп'ютарныя навукі, а пасля паспеў папрацаваць у Маскве. Сям'я Яраца не звязаная ні з бізнэсам, ні з IT: бацька да выхаду на пенсію працаваў на трактарным заводзе, а маці была хатняй гаспадыняй.
Чытайце таксама:
Кітайская ШІ-мадэль зрабіла фурор на тэхналагічным рынку. Лідарства ЗША можа быць пад пагрозай
ШІ Claude пераганяе ChatGPT па папулярнасці ў праграмістаў і бізнэсу