БЕЛ Ł РУС

Масавыя пратэсты ў Сербіі: студэнты перакрылі аўтамагістраль у Бялградзе, да іх далучыліся фермеры на трактарах

27.01.2025 / 16:12

Nashaniva.com

У сталіцы Сербіі Бялградзе ў панядзелак удзельнікі акцыі пратэсту студэнтаў перакрылі важную транспартную магістраль. Блакада павінна працягнуцца 24 гадзіны.

Фота: Darko Vojinovic / AP

У акцыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі іншых груп насельніцтва, якія падтрымліваюць патрабаванні студэнтаў — у прыватнасці, фермеры прыехалі на трактарах, піша Радыё Свабода.

Пратэсты ў Бялградзе і іншых гарадах Сербіі працягваюцца ўжо больш за месяц. Яны пачаліся пасля трагедыі ў горадзе Нові-Сад на поўначы Сербіі. Там 1 лістапада праз падзенне даху на чыгуначным вакзале загінулі 15 чалавек.

Студэнты першапачаткова запатрабавалі празрыстага расследавання трагедыі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. Студэнты, якіх падтрымліваюць актывісты апазіцыі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, лічаць адказнымі за тое, што здарылася ўлады, абвінавачваючы іх у карупцыі, якая і прывяла да няякаснага рамонту будынка вакзала.

Пасля таго, як улады, на думку ўдзельнікаў акцый пратэсту, не прыслухаліся да іх патрабаванняў, пачалі вылучацца і палітычныя патрабаванні, у прыватнасці аб стварэнні пераходнага ўрада, які падрыхтаваў бы свабодныя датэрміновыя выбары ў парламент. Для многіх удзельнікаў пратэстаў трагедыя ў Нові-Садзе стала пацвярджэннем таго, што, на іх думку, урад і Прэзідэнт Аляксандр Вучыч вядуць краіну па няправільным шляху.

Пасля серыі масавых мітынгаў у мінулую пятніцу быў арганізаваны ўсеагульны страйк, да якога далучыліся навучальныя ўстановы і каля 200 кампаній па ўсёй краіне. У выходныя ў Бялградзе і іншых гарадах зноў прайшлі маршы пратэсту.

Яшчэ ў снежні заблакаваная праца больш за 50 факультэтаў чатырох дзяржаўных універсітэтаў, а таксама дзясяткаў сярэдніх школ.

Прэзідэнт Вучыч, з аднаго боку, абяцае прыслухацца да патрабаванняў удзельнікаў акцый пратэсту. У прыватнасці ў суботу ён заклікаў чыноўнікаў апублікаваць усе дакументы, звязаныя з рэканструкцыяй вакзала — гэта адно з патрабаванняў студэнтаў. З іншага боку, Вучыч і яго прыхільнікі абвінавачваюць дэманстрантаў у супрацоўніцтве з нейкімі замежнымі сіламі з мэтай дэстабілізаваць Сербію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула