БЕЛ Ł РУС

«Старшыня проста білася галавой аб стол. Пасля нам раздалі канверты з грашыма». Настаўніца была ў выбарчай камісіі ў 2020-м — і вось што пабачыла

28.01.2025 / 22:15

Nashaniva.com

Былая настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 51 Мінска Аксана Дзікавіцкая на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўваходзіла ў склад выбарчай камісіі. Яна расказала ютуб-каналу «ЧастнОK-LIVE» пра тое, як фальсіфікаваліся выбары.

Як лічылі галасы і падпісвалі пратаколы

Аксана згадвае, як у 2020-м падлічвалі галасы. Па тых бюлетэнях, што прайшлі праз яе, суадносіны галасоў за Ціханоўскую і за Лукашэнку былі 80 да 20.

«Я гэта запісваю. Потым мы аддаём гэта чалавеку, які пералічвае нашы паперкі. (…) Нам выдаюць зусім іншы вынік», — згадвае жанчына.

Аксана не бачыла, як складаліся пратаколы. Яе хвалявала тое, што яна не магла дазваніцца да сына. А калі дазванілася, то пачула, акрамя голасу сына, выстралы.

«Я не бачыла, што там рабілі, як запісвалі пратаколы. У мяне была мэта хутчэй пайсці. Мне трэба было забраць сына з цэнтра. Мае сыны яшчэ заканчваюць школу. У мяне была паніка.

У гэты час нам прыносяць пратаколы. І ў нас шок. (…) Першапачаткова падпісала толькі два ці тры чалавека. (…) І старшыня камісіі падымае людзей і кажа «пералічвайце».

Па словах жанчыны, для пераліку быў прапанаваны толькі адзін стос з бюлетэнямі для галасавання. Усяго такіх стосаў было шмат.

«Яны ўсе перавязваюцца, пламбіруюцца. Там сур'ёзная ідзе работа. Усё завязваецца. Ніхто адтуль нічога не можа дастаць. Гэта ўсё звозіцца ва ўпраўленне адукацыі.

І гэты адзін стос разразаецца, выкідваецца на стол. Дзе сапраўды было за Лукашэнку. Яны проста ўзялі тое, дзе галасавалі за Лукашэнку», — тлумачыць Аксана.

Аднак члены камісіі адмовіліся падпісваць і пасля гэтага. Як згадвае жанчына, у старшыні камісіі пачалася паніка.

«У старшыні камісіі, нашага дырэктара [школы] дзіця-інвалід. Яна сядзела, калі мы не падпісвалі дакументы, і проста білася галавой аб стол. Яна не ведала што рабіць. Ёй звоняць. Я чую, што яна кажа, што ў яе не падпісана, што яна яшчэ не можа везці ў аддзел адукацыі пратаколы».

Але ў выніку, пасля некалькіх гадзін чакання, пратаколы былі падпісаны.

Сама Аксана паставіла свой подпіс пасля таго, як даведалася, што ўжо абвешчаны вынікі галасавання: «Ужо ўсё роўна. Мне проста пазванілі. З тэлебачання адзін харошы таварыш сказаў: «Аксана, зразумей адну рэч. Я таксама тут. Я таксама сябе ненавіджу. Мы таксама цяпер гэта абвяшчаем па тэлевізары. Ну ўжо ўсё абвешчана. Ад таго, падпісалі вы ці не, нічога не мяняецца».

Аксана Дзікавіцкая. Скрын відэа: chestnok_live / YouTube

Што было пасля выбараў

Пасля выбараў члены камісіі патрапілі дахаты дзесьці апоўначы.

«Нас вывозілі пад АМАПам. (…) У адзін момант нас усіх выгружаюць [са школы] у аўтобус. Людзі скандзіруюць. Аўтобус проста хістаецца. Я стаю, у мяне цякуць слёзы. Стаіць нейкі мент і кажа: «Чаго ты равеш?» Я кажу: «Сорамна. Вы разумееце, што адбываецца? Гэта ж так сорамна». Ён пачынае смяяцца».

Аксана сцвярджае, што члены выбарчай камісіі атрымалі «вялікую суму грошай»:

«У адзін момант нас паклікалі і раздалі канверты. Там апынулася такая сума… Я была ў шоку», — згадвае жанчына і дадае, што атрыманая сума была эквівалентная прыкладна 200 далярам. Пазней гэтыя грошы яна пералічыла ў некалькі фондаў.

Жанчына сцвярджае, што яе калегі, якія былі членамі выбарчай камісіі, спакойна аднесліся да таго, што ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі.

«Жыццё працягваецца. Усе працуюць. Усё добра. Я ў некаторых пыталася, як так можна. Адказ: «Што тут такога. У любым выпадку нічога не памяняецца. У любым выпадку гэта павінна было быць. А ты што, чакала іншага выніку?». А нехта проста маўчаў».

Пасля выбараў Аксана працягвала працаваць у школе. Па выходных яна хадзіла на маршы. У школе ўсе пра гэта ведалі. Яна размяшчала здымкі ў сваіх сацыяльных сетках. Аднойчы яе выклікала дырэктарка.

«Кажа мне перад кабінетам: «Пакіньце тэлефон пад кабінетам. Я ведаю, што вы мяне запісваеце». (…) Ёй здавалася, што яе ўсе пішуць. (…) Я пакінула тэлефон каля кабінета. Яна мне сказала: «Аксана Мікалаеўна, на вас нейкая справа ў камітэце (ці «там пра вас цікавяцца»). Я вам дапамагу. Прыйдзе час, можа, вы мне дапаможаце».

Па словах жанчыны, яна не зразумела, пра якую дапамогу ідзе гаворка. Сама размова адбылася пасля таго, як яна з іншымі калегамі запісала зварот настаўнікаў.

Праз некаторы час Аксана з'ехала з Беларусі ў Балгарыю, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне пераехала ў Польшчу. Некаторы час у Варшаве яна працавала ў таксі, а затым знайшла працу па доглядзе дзяцей (бэбісітара) у невялікім польскім горадзе.

Чытайце таксама:

Карпенка назваў санкцыі Захаду «высокай ацэнкай» працы ЦВК

Маркаў абвінаваціў Google у «інфармацыйных правакацыях супраць прэзідэнцкіх выбараў» і хоча зрабіць айчынны Раскамнагляд

Пазняк задаволены «байкотам псеўдавыбараў» і бязлітасна праехаўся па канкурэнтах

Каментары да артыкула