У Жыткавічах былога палітвязня судзілі за атрыманне дапамогі
30 студзеня ў судзе Жыткавіцкага раёна суддзя Аляксандр Аношка разглядаў справу былога палітычнага зняволенага Уладзіміра Шакуна. Які прысуд яму быў вынесены, цяпер высвятляюць праваабаронцы, піша «Гомельская вясна».
Уладзімір Шакун
Уладзіміра Шакуна судзяць на падставе дэкрэта № 7, выдадзенага Лукашэнкам у лістападзе 2021 года. У ім ён вызначыў пакаранні за карыстанне замежнай дапамогай без узгаднення яе з уладамі. Пры першым парушэнні фізічным асобам маюць накладаць штраф ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй дапамогі, а для юрыдычных асоб — штраф да 100% памеру дапамогі з яе канфіскацыяй. Пры паўторным жа парушэнні цягам года людзей дазволілі штрафаваць, арыштоўваць, абмяжоўваць ім свабоду на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўляць свабоды на тэрмін да двух гадоў ужо ў межах крымінальнай справы.
Ва Уладзіміра Шакуна гэта ўжо другі суд паводле гэтага дэкрэта. Папярэдні раз яго 2 лютага 2024 года судзіў Андрэй Багданік. Такім чынам, да Уладзіміра Шакуна можа быць заведзеная крымінальная справа і яго могуць зноў зняволіць.
Папярэдні раз Уладзіміра Шакуна зняволілі, абвінаваціўшы ў абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). 16 студзеня 2021 года яму вынеслі прысуд у выглядзе двух гадоў «хіміі». Выйшаў на волю ён у 2023 годзе.
Чытайце таксама:
У Мінску за ўдзел у пратэстах будуць судзіць цэлую сям'ю