Развіталіся, але не пахавалі: крэмацыю Марыі Зайцавай спынілі ў апошні момант
Учора ў Кіеве развітваліся з беларускай снайперкай Марыяй Зайцавай. Каб апошняя воля дзяўчыны была выкананая, Святлана Ціханоўская тэрмінова звязвалася з украінскімі ўладамі.
Тут і далей фота з развітання прадастаўлены Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі
24-гадовая Марыя Зайцава загінула на фронце на наступны дзень пасля свайго чарговага дня нараджэння. Дзяўчына пакінула свае пісьмовыя пажаданні наконт таго, як павінна адбыцца пахаванне, Крысціне Шыянок, былой каардынатарцы медыцынска-гуманітарнай праграмы Medevac і дырэктарцы Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
Сярод прынцыповых момантаў было тое, што Марыя не хацела, каб у выпадку яе смерці цела крэміравалі. Беларуска жадала быць пахаванай побач з пабрацімам.
Але зрабіць гэта было даволі складана. Да самага апошняга моманту планавалася ўсё ж крэмацыя. Нават на афіцыйнае развітанне з Марыяй усіх запрасілі ў Кіеўскі крэматорый.
— Першасна яе вайсковая часць замовіла крэмацыю. Але сама Марыя раней пісала, што яна за класічнае пахаванне і супраць крэмацыі. Таму мы да апошняга моманту не трацілі надзеі змяніць сітуацыю. Літаральна за дзве гадзіны да развітання Святлана Ціханоўская з асабістым лістом звярнулася да кіеўскай адміністрацыі з просьбай знайсці месца для пахавання менавіта ў зямлі на тых могілках, дзе Марыя хацела быць пахаванай.
Крысціна тлумачыць, што на тых самым могілках ёсць абмежаванні, і сёння там магчыма пахаванне толькі урны.
— Адміністрацыя Кіева вельмі хутка адрэагавала. Потым яшчэ адбыўся асабісты званок і тэлефонная размова. Улады Кіева афіцыйна далі згоду на тое, каб у выпадку Марыі Зайцавай, першай беларускі, якая загінула, абараняючы Украіну і будучую свабоду Беларусі, было зроблена дадатковае пахаванне менавіта ў тым месцы, дзе яна хацела і такім чынам, як яна хацела.
Сітуацыя атрымалася максімальна драматычнай. Згоду атрымалі ў той самы момант, калі скончылася развітанне і труну павінны былі адправіць у печ. Цырымонію спынілі.
— На сёння цела Марыі вярнулі ў морг. Цяпер ідзе падрыхтоўка магілы на тых могілках, дзе яна хацела — менавіта побач з пабрацімам. Гэта вельмі годнае месца. Месца, дзе памяць пра яе будзе захоўвацца як украінскім бокам, так і беларускім. Марыя заслугоўвае быць пахаванай там.
Дату, калі менавіта адбудзецца пахаванне, не агучваюць з мэт бяспекі. Дадатковай цырымоніі развітання не будзе.
— Афіцыйная цырымонія развітання адбылася ўчора. У развітанні ўзялі ўдзел не толькі вайсковыя, але прадстаўнікі беларускай супольнасці Украіны і Чэхіі, а таксама сакратар чэшскага пасольства ў Кіеве. Прамовілі яе былы і цяперашні камандзіры, а таксама я.
Труна была пакрытая двума сцягамі — украінскім і беларускім. Беларускі сцяг Крысціне перадаў адзін з удзельнікаў медыцынска-гуманітарнай праграмы Medevac, якога эвакуіравалі ў Чэхію разам з Марыяй, хаця яны з розных гарадоў. На сцягу напісана ад рукі «Прабач». Сцяг будзе пакуль захоўвацца ў Офісе дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі з перспектывай перадачы ў музей.
Крысціна выканала просьбу бацькоў Марыі — паклала ёй у труну невялічкую выяву Маці Божай (мама назвала Машу ў яе гонар) і доўгія белыя ружы, усё праваруч.
— Царкоўнай службы не плануецца, бо Марыя лічыла сябе атэісткай. Мы спрабуем цяпер зрабіць так, каб было выканана і самае апошняе жаданне — каб на магіле не было крыжа, і яна была абазначаная нейкім іншым чынам.
Крысціна падзякавала ўладам Кіева за разуменне і дадала, што ўсё адбываецца ў каардынацыі з украінскім бокам.
«Тое, што Марыя Зайцава ў выніку будзе пахаваная класічным спосабам — гэта вялізная палёгка для мяне, як чалавека, які нясе маральную адказнасць за выкананне яе апошняй волі».
Марыя стала першай беларускай ваяркай, якая загінула, абараняючы Украіну.
Чытайце таксама:
Асабістыя рэчы Марыі Зайцавай перадалі ў музей Вольнай Беларусі ў Львове
Вырабленая вінтоўка імя Марыі Зайцавай
«Яе ўсе бераглі, як маглі». Камандзіры — пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Украіне