БЕЛ Ł РУС

Лаўроў: «Інтэрбачанне» ў Маскве пройдзе без вычварэнстваў

6.02.2025 / 7:58

Nashaniva.com

Пуцін два дні таму падпісаў указ аб правядзенні ў 2025 годзе конкурсу «Інтэрбачанне» ў піку «Еўрабачанню».

Сяргей Лаўроў. Скрыншот відэа

Міжнародны музычны конкурс «Інтэрбачанне» пройдзе без вычварэнстваў і здзекаў з прыроды чалавека, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, піша «Спутнік».

Як паведамлялася, Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб правядзенні ў гэтым годзе ў Маскве і Маскоўскай вобласці міжнароднага музычнага конкурсу «Інтэрбачанне», які павінен замяніць «Еўрабачанне», ад якога адхіленыя Расія і Беларусь.

Паводле слоў Лаўрова, гэта будзе свайго роду ўнікальная музычная экспазіцыя. «Гарантую, што там не будзе вычварэнстваў і здзекаў з прыроды чалавека, як мы гэта назіралі падчас Алімпійскіх гульняў у Парыжы», — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства РФ.

Ён адзначыў, што жаданне ўдзельнічаць у «Інтэрбачанні» ўжо выказалі больш за два дзясяткі краін, і конкурс дасць магчымасць усім дзяржавам-удзельніцам паказаць свае лепшыя музычныя традыцыі без аніякай цэнзуры.

Раней конкурс «Інтэрбачанне» праводзіўся ў 1965—1968 і 1977—1983 гадах. У 1965—1968-м ён праходзіў у розных гарадах Чэхаславакіі, у 1977—1983 — у польскім Сопаце. Удзел у ім бралі перадусім выканаўцы з краін сацыялістычнага лагера.

У 2008 годзе ў Расіі ўжо рабілі спробу адрадзіць гэты конкурс, але пасля яго разавага правядзення ў Сочы працягу ініцыятыва не атрымала. 

Чытайце таксама:

У Расіі аднаўляюць музычны конкурс часоў брэжнеўскага застою

Каментары да артыкула