БЕЛ Ł РУС

Пасол Украіны па асаблівых даручэннях Ігар Кізім пакінуў сваю пасаду

7.02.2025 / 15:14

Nashaniva.com

Былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пакідае пасаду пасла па асаблівых даручэннях па Беларусі. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.

«Сёння я прыняў рашэнне звольніцца з дыпламатычнай службы і пайсці «на заслужаны адпачынак» з чыста асабістых меркаванняў. У кожнага чалавека надыходзіць момант, калі разумееш, што ўзрост бярэ сваё і нельга аддавацца сваёй працы на 100 працэнтаў. Я не магу працаваць па-іншаму, і ў цяперашніх умовах лічу гэта несумленным у адносінах да службы, якой прысвяціў амаль усё сваё жыццё», — напісаў ён.

Ён дадаў, што не мае намеру «кідаць усё і далучацца да «канапных пенсіянераў», і лічыць, што зможа прынесці карысць у тых сферах, дзе досвед і кампетэнцыі будуць карысныя.

«Спадзяюся, камусьці яны спатрэбяцца для разумення сітуацыі ў/вакол Беларусі, а таксама яе магчымага развіцця. Мяркую, што гэта пэўны падсумак маёй «грамадскай» працы на пасадзе, якую пакідаю. Што будзе далей — паглядзім. І цяпер я хацеў бы падзякаваць сваёй сям'і, усім маім сябрам і калегам, якія падтрымлівалі мяне ўсе гэтыя гады, незалежна ад таго, што мы разам перажылі і якія пасады займалі. Дзякуй усім. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — рэзюмаваў ён.

У інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ» Кізім называў ганьбай, што Украіна не вырашыла пытанне з пашпартамі і іншымі дакументамі беларускіх ваяроў: «Беларусы — гэта найбольшая этнічная група ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. Як толькі яны падпісваюць кантракт з УСУ і далучаюцца да аднаго з беларускіх фармаванняў, у Беларусі іх аўтаматычна прызнаюць тэрарыстамі.

А калі ў гэтых людзей заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, з якім яны ўехалі ва Украіну, для яго прадаўжэння трэба ісці ў беларускае консульства. Яно тут не працуе, бо няма пасольства».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула