БЕЛ Ł РУС

Краіны Балтыі канчаткова адключылі свае энергасістэмы ад Расіі

9.02.2025 / 17:5

Nashaniva.com

Літва, Латвія і Эстонія сінхранізавалі свае электрасеткі з Заходняй Еўропай у нядзелю днём.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Фота: «Наша Ніва»

«Сінхранізацыя энергасістэмы краін Балтыі з сеткамі кантынентальнай Еўропы паспяхова завершана», — паведаміў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, піша LRT.

Ён назваў сінхранізацыю гістарычным момантам, які азнаменаваў канец доўгага шляху Літвы, Латвіі і Эстоніі да энергетычнай незалежнасці.

«Часы палітычнага ціску і шантажу нарэшце скончыліся», — сказаў Наўседа.

Тры краіны Балтыі ў суботу раніцай без перашкод адключыліся ад расійскай энергасістэмы, якая была запушчаная яшчэ за савецкім часам, і да апоўдня працавалі ў ізаляваным рэжыме.

Дзейнічаючы сінхронна з Заходняй Еўропай, Літва, Латвія і Эстонія самастойна і ў каардынацыі з іншымі краінамі гэтай зоны будуць кіраваць частатой сваіх электрычных сістэм (раней гэта цэнтралізавана рэгулявалася ў Маскве).

Акрамя літоўска-польскага сухапутнага электрычнага злучэння LitPol Link, праз якое адбылася сінхранізацыя, краіны Балтыі таксама звязаныя з Паўночнай Еўропай — літоўска-шведскім марскім злучэннем NordBalt і эстонска-фінскім марскім злучэннем EstLink 1 і EstLink2.

Да 2030 года плануецца пабудаваць яшчэ адно сухапутнае злучэнне паміж Літвой і Польшчай — Harmony Link для гандлю.

EstLink2 пакуль не працуе — на Каляды яго разам з двума іншымі кабелямі сувязі нібыта перарэзаў танкер, які, як мяркуецца, належыць маскоўскаму «ценявому флоту».

Усяго ў Балтыйскім моры па стане на кастрычнік 2023 года было пашкоджана не менш за 11 падводных кабеляў, піша LRT.

Хоць аператары адзначаюць, што пашкоджанне падводных кабеляў даволі распаўсюджаная з'ява, частата і канцэнтрацыя інцыдэнтаў у Балтыйскім моры ўзмацнілі падазрэнні, што пашкоджанне магло быць наўмысным.

Пасля ўкаранення працэсу сінхранізацыі краіны Балтыі далучыліся да сеткі кантынентальнай Еўропы, якая абслугоўвае больш за 400 мільёнаў карыстальнікаў у 26 краінах.

Усяго ў праект сінхранізацыі ў краінах Балтыі і Польшчы інвеставана больш за 1,6 млрд еўра.

Чытайце таксама:

Краіны Балтыі ў суботу адключаюцца ад энергасістэмаў Расіі і Беларусі. Што трэба ведаць?

Каментары да артыкула