БЕЛ Ł РУС

У Латвіі хочуць забараніць турфірмам арганізоўваць паездкі ў Беларусь

11.02.2025 / 21:1

Nashaniva.com

Парламенцкая фракцыя аб'яднання «Новае адзінства», ад якой была вылучаная цяперашняя прэм'ерка Латвіі Эвіка Сіліня, унесла ў мясцовы Сейм праект змены ў Закон «Аб турызме», якія прадугледжваюць забарону для пастаўшчыкоў турыстычных паслуг прапаноўваць і аказваць такія паслугі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, паведамляе Delfi.lv.

 

На латвійска-беларускай мяжы. Від на беларускую Друю з латвійскага Прыдруйска. Фота з сацсетак

Законапраект тычыцца ўсіх зарэгістраваных у Латвіі тураператараў. Забарона на аказанне імі турыстычных паслуг у Расіі і Беларусі будзе рэалізаваная як частка ўжо ўведзеных міжнародных санкцый і будзе накіраваная на прадухіленне палітычных і эканамічных сувязяў, якія могуць спрыяць агрэсіі або парушэнням правоў чалавека.

Мэта змен — знізіць рызыкі магчымых парушэнняў правоў чалавека адносна грамадзян Латвіі, а таксама прадухіліць іх удзел у дзеяннях у інтарэсах Расіі або Беларусі, у тым ліку вярбоўку.

«Падарожжы ў Расію і Беларусь зараз з'яўляюцца пытаннем бяспекі, якое стварае праблемы як для саміх турыстаў, так і для нашых службаў. Мы не можам дапусціць, каб тураператары працягвалі арганізоўваць забаўляльныя паездкі, а нашы грамадзяне поўнымі аўтобусамі ехалі ў краіны, якія не саромеюцца заяўляць пра жаданне акупаваць Латвію.

У мінулым годзе ў Расіі і Беларусі былі арыштаваныя больш за 30 грамадзян Латвіі, але магчымасці нашых устаноў дапамагчы ім у гэтых краінах вельмі абмежаваныя. Мы таксама не можам дапусціць вярбоўкі грамадзян. Дзяржава павінна зрабіць усё неабходнае, каб не толькі гарантаваць бяспеку сваіх грамадзян, але і прадухіліць магчымыя пагрозы і шкоду», — заявіў дэпутат Сейма ад «Новага адзінства» Гаціс Ліепіньш.

У справаздачы Службы дзяржаўнай бяспекі (СДБ) Латвіі за 2024 год адзначана, што, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі СДБ і Міністэрства замежных спраў не ехаць у Расію, у 2024 годзе колькасць падарожнікаў у параўнанні з 2023 годам удвая павялічылася. У мінулым годзе ў Расію падарожнічала штомесяц у сярэднім амаль 2000 грамадзян Латвіі.

Чытайце таксама:

Міністр унутраных спраў Латвіі заклікаў жыхароў адмовіцца ад паездак у Беларусь

«У XX стагоддзі ўжо быў вопыт». МЗС Беларусі параўнаў беларусаў і расіян у Латвіі з яўрэямі ў Трэцім Рэйху

Беларускія памежнікі знайшлі цела мігранта каля агароджы з Латвіяй

«Многія глядзяць беларускія каналы». Цікавы расповед пра Прыдруйск — вёску ў Латвіі насупраць Друі

Жыхару Латвіі пагражае ў Беларусі да 10 гадоў калоніі па трох палітычных артыкулах

Каментары да артыкула