Праз Беларусь Украіна вярнула восем дзяцей з акупаваных тэрыторый
Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец паведаміў пра вяртанне ў краіну дзяцей, якія знаходзіліся на акупаваных Расіяй тэрыторыях.
Вярнулі восем дзяцей з Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Сярод іх — родныя браты і сёстры.
«Усе дзеці былі раз'яднаныя са сваімі роднымі з-за вайны і акупацыі, некаторыя страцілі бацькоў», — напісаў Лубінец.
Пасрэднікам у абмене паміж расійскім і ўкраінскім бакамі стаў Катар. Амбудсмен не ўдакладніў, на якой тэрыторыі атрымалася сустрэцца з дзецьмі, але на адным з фотаздымкаў бачна герб Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.
У Расію павярнуліся дзве сястры, паведаміла расійская амбудсмен па правах дзяцей Марыя Львова-Бялова. Яна дадала, што дзяўчынкі сустрэліся з мамай у амбасадзе Катара ў Мінску.