Russia Today праводзіць у Мінску школу для журналістаў. Прыехаў і Прыдыбайла
Прадстаўнікі расійскага дзяржаўнага прапагандысцкага тэлеканала Russia Today арганізавалі бясплатную медыяшколу для беларускіх журналістаў.
Канстанцін Прыдыбайла на медыяшколе Russia Today. Фота тут і далей: «Рускі Дом у Мінску»
Двухдзённае мерапрыемства прайшло ў будынку прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі «Рускі Дом у Мінску», заўважыла Reform.news.
«Спікеры RT, відэаагенцтвы Ruptly і запрошаныя эксперты раскажуць пра журналістыку ў эпоху інфармацыйнай рэвалюцыі, пра тэксты і працу з аўдыторыяй, пра тое, як ператварыць рэдакцыйнае заданне ў захапляльны сюжэт, а таксама падзеляцца сакрэтамі аператарскага майстэрства», — гаварылася ў анонсе школы.
Мяркуючы па справаздачах, расказваць асновы прапаганды ў Мінск прыехалі галоўны рэдактар тэлекампаніі «Тэлекон» Аляксандр Марціросаў, карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла, шэф-рэдактар відэаагенцтва Ruptly Жанна Маргункова, тэлеаператар-пастаноўшчык RT, філд-прадзюсар агенцтва Ruptly Дзмітрый Самсонаў.